Вольга Горла: галоўнае любіць Радзіму, шанаваць традыцыі і ведаць гісторыю

Вывучэнне нацыянальных традыцый, багатага фальклорнага, этнаграфічнага і краязнаўчага матэрыялу родных мясцін дапамагае не толькі лепш засвоіць вучэбную праграму, але і выхоўвае пачуццё гонару за Радзіму, мінулае, адказнасць за захаванне народнай спадчыны. У гэтым упэўнена і лічыць адной з галоўных задач у сваёй дзейнасці настаўнік Палескай школы Вольга Горла.

Вольга Іванаўна 17 гадоў працуе ў гэтай установе адукацыі і выкладае беларускую мову і літаратуру, а таксама нямецкую мову, а дагэтуль пяць гадоў навучала рабят у Сідаравічах, куды прыйшла пасля заканчэння Рэчыцкага педкаледжа. Як кажа Вольга Іванаўна, на рашэнне паступаць на гэту спецыяльнасць паўплывала тое, што ў Палессі заўжды былі вельмі моцныя настаўнікі, якія асабістым прыкладам і адказнымі адносінамі да абранай справы, выхавалі не адну плеяду выпускнікоў, абраўшых педагагічную сферу. А каб удасканаліць веды, яна атрымала яшчэ і вышэйшую адукацыю на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны.

На працягу ўсёй дзейнасці спецыяліст знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Новымі звесткамі абавязкова дзеліцца з вучнямі, з якімі вельмі любіць займацца. «Дзеці – гэта асобны свет. Які б настрой у цябе ні быў, калі прыходзіш у клас, рабяты яго ўзнімуць. З імі маладзееш душой», – расказвае педагог. Мясцовую жыхарку вылучае непадробны інтарэс да гісторыі і нацыянальных традыцый роднай вёскі і яе развіцця. Вялікую ўвагу надае даследчай дзейнасці. Шмат напрацовак прадстаўляюць разам з вучнямі на разнастайных конкурсах і канферэнцыях рознага ўзроўня. Некалькі гадоў запар яны ў ліку пераможцаў і лаўрэатаў. Напрыклад, сёлета сталі лаўрэатамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых краязнаўчых работ, атрымалі дыплом 3-й ступені ў адкрытай краязнаўчай канферэнцыі «Гомельская область – край родной». Таксама разглядалі вельмі захапляючую тэму аб мастацкай самадзейнасці вёскі Палесся, гульнях, традыцыях і абрадах, якія былі раней і цяпер. Дарэчы, сабраныя матэрыялы павышаюць цікавасць у школьнікаў да мовы, культуры і гісторыі народа. Вучні, якіх рыхтавала Вольга Іванаўна разам з завучам Раманам Івершэнем, занялі першае месца на раённым этапе рэспубліканскага конкурса па краязнаўству «Пазнай свой край». Зараз настаўніца актыўна рыхтуе каманду да абласнога этапу, дзе трэба прадэманстраваць свае веды гістарычных і прыродных аб’ектаў, абрадаў не толькі Чачэршчыны, але і іншых раёнаў. Шмат узнагарод атрымалі рабяты ў прадметных алімпіядах і конкурсах – адным словам, усіх не пералічыць.

Безумоўна, настаўніцу цікавяць падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Прычым працай з дакументамі і пошукам невядомых дагэтуль фактах справа не абмяжоўваецца. Наведваюць з вучнямі помнікі вызваліцелям, якія знаходзяцца на тэрыторыі Палескага сельсавета. А крыху раней і зусім адправіліся ў вёску Ворнаўку суседняга раёна, дзе пахаваны іх зямляк – удзельнік ВАВ Дзмітрый Кліменцьевіч Бабаедаў, прыбралі яго магілу і пафарбавалі агароджу. Такім чынам Вольга Іванаўна праз добрыя справы вучыць дзяцей захоўваць гістарычную памяць і шанаваць подзвіг герояў. Увогуле да сваёй працы яна ставіцца асабліва і лічыць, што на кожным ляжыць адказнасць за перадачу нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці. Неаднаразова Вольгу Горла адзначалі ўзнагародамі, сярод якіх ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. А сёлета прыемным сюрпрызам за плённую працу і дасягнутыя поспехі стаў грашовы сертыфікат ад райвыканкама.

А падумаць аб новых тэмах для даследчых распрацовак і адпачыць ад хатніх клопатаў таленавітаму педагогу дапамагаюць хобі. І, трэба заўважыць, іх у Вольгі Іванаўны незлічоная колькасць: вязанне, бісерапляценне, вышыўка крыжыкам і алмазная. Чымсьці захаплялась раней, іншае вабіць цяпер. У планах асвоіць і другія тэхнікі і напрамкі. Любіць жанчына гатаваць і пячы пірагі для дваіх сыноў і мужа, а таксама спяваць. На жаль, не так часта, як хацелася б выступае ў складзе народнага калектыву «Палесачка» і дорыць настрой і заваёўвае сэрцы слухачоў вакальным майстэрствам. Да захапленняў Вольгі Горла можна аднесці і любоў да падарожжа. Апошнім часам вялікую ўвагу надае падарожжу па роднай краіне, а раней шмат ездзіла па іншых. Пасля паездкі расказвае дзецям, дзе была, што бачыла, паказвае фотаздымкі. Такім чынам стараецца прывіць цікавасць да гісторыі і культуры свайго краю. А яшчэ любіць чытаць беларускую літаратуру. Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас – адны з любімых пісьменнікаў. І пры магчымасці пераказвае прачытанае школьнікам, каб заахвоціць іх і яны самі пазнаёміліся з творам.

Ала ЕЎДАКІМЕНКА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика