каб не стала рака ручаём

Восень – пераходны час не толькі ў прыродзе, але і ў фізіялогіі жывёл. Так, пачатак зімне-стойлавага перыяду, як звычайна, суправаджаецца пэўнымі стратамі малочных запасаў. За мінулы тыдзень валавы надой малака ў раёне скараціўся на тры тысячы кілаграмаў. Падзенне назіраецца амаль ва ўсіх гаспадарках Чачэршчыны. І спецыялісты сцвярджаюць, што ў дадзены перыяд гэта звычайная справа. Так сфарміраваны арганізм рагулі, што падчас змены рацыёну яна адчувае пэўны стрэс і пакуль звыкаецца з іншым меню, выпрацоўвае меншую колькасць багатага на лактозу рэчыва. Забягаючы наперад, адзначым, што прыкладна на тое ж хварэе жывёла і пры пераходзе на летне-пашавае ўтрыманне. Каб пазбавіць кароў ад такога стрэсу, неабходна круглагадова карміць іх аднолькава, але для гэтага спатрэбіцца паўтарагадовы запас кармоў. Аднак пахваліцца такім багаццем здольны далёка не ва ўсіх гаспадарках раёна, ды і ўмовы адпаведныя для падобнага ўтрымання яшчэ ствараць і ствараць. Праўда, у планах усё ж паспрабаваць у бліжэйшым будучым укараніць такі вопыт у дзвюх гаспадарках. Акрамя прыродных прычын у змяленні малочных рэк задзейнічаны і іншыя, звязаныя з недапрацоўкамі ў дзейнасці саміх гаспадароў. Хоць заатэхнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамі рэкамендавалі перавесці жывёлу на ўтрыманне ў хлявах яшчэ да 15 верасня, у большасці сельгаспрадпрыемстваў гэта рэкамендацыя-патрабаванне была праігнаравана. У КСУП “Батвінава” і СГФ “Прыазёрны”, да прыкладу, да гэтага часу ніяк не завершацца падрыхтоўка памяшканняў і рамонт малакаправода. Ды і ў цэлым па раёну 29 верасня яшчэ 9 гуртоў кароў выганялі на пашу. То ставіць пакуль іх не было куды, то даіць няма чым, вось і прыходзіцца карміць рагуль бескарыснай у гэты час травой, а прывозіць падкормку прама на полі – значыць, псаваць сенажаць. Але з двух зол выбіраюць меншае, таму не адмаўляюцца некаторыя кіраўнікі ад такой практыкі. А тым часам усё ж і з дадзенага правіла існуе выключэнне: ужо каторы час на стабільным узроўні трымаюцца надоі ў КСУПах “Звязда” і “Палессе” (дадзеныя за 29 верасня).

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика