Апладысменты за прыемныя моманты

IMG_1364
Насычанай і непаўторнай выдалася чарговая творчая сустрэча ў сценах кінаканцэртнага цэнтра “Акцябр”, дзе на гэты раз дзяліліся сваім талентам жыхары Меркулавіцкага сельсавета. У чатырнаццаці населеных пунктах пражываюць 1312 вяскоўцаў. Гэты край вырасціў вынаходлівых, прадпрымальных і творчых  людзей. Сярод нашых знакамітых землякоў член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук, доктар эканамічных навук  Беларусі Уладзімір Гусакоў, спартсмен, атрымаўшы першанства РБ па вольнай барацьбе ў вагавай катэгорыі да 85 кг Раман Цітоў, акадэмік АН БССР, Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, акадэмік УАСГНІЛ, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР  Сцяпан Скарапанаў.
Творчымі асобамі можна з упэўненасцю назваць Любоў Галубіцкую і Ірыну Кандрашову. У эпіцэнтры сельсавета два аграгарадкі: Меркулавічы і Батвінава. Вось ужо які год сустракае сваіх наведвальнікаў гасцінны двор Ледзяного Дзеда, чакае прыхаджан у час богаслужэнняў мясцовая царква, займае  вольны час вяскоўцаў  культурна-спартыўны цэнтр. А зусім нядаўна ў Меркулавіцкай дашкольнай установе пад кіраўніцтвам   харэографа па бальных і народных танцах Надзеі Кірээвай пачалі пасцігаць усе тонкасці пластыкі выхаванцы дзіцячага садка. У мінулым годзе вылучыліся сваім добраўпарадкаваным і акуратным выглядам і раздзялілі першае месца два дамаўладанні на тэрыторыі Савета. Ну і канешне ж, гэта зямля славіцца галасістымі творчымі калектывамі “Ружаначка” і “Меркулавіцкія вячоркі”, удзельнікі якіх падчас выступлення згадалі элементы  беларускага нацыянальнага каларыту. Вясёлая “Медавуха” і “Полька беларуская” так і падахвочвала пусціцца ў скокі. Гумарыстычнай сцэнкай “Цудадзейная мікстура” артысты не толькі выклікалі хвалі смеху аўдыторыі, але камусьці, напэўна,  падказалі добры сродак у барацьбе з “зялёным зміем”. Але толькі  гэтым вынаходлівыя таленты не абмежаваліся. З захапленнем гледачы назіралі за танцавальнымі нумарамі ў выкананні  дашкалят і школьнікаў, давялося нават ўбачыць і ўсходні танец. Гучалі сольныя кампазіцыі, музычныя інструментальныя нумары, вершы. Вечар-партрэт  увабраў у сябе самыя рознабаковыя выступленні і падараваў добры бадзёры настрой.
Святлана ДЗІДКОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика