Лёс і жыццё Патапенкаў звязаны з малой радзімай

Вадзім і Тамара Патапенкі.

Муж і жонка Патапенкі з Роўкавіч адзначылі 30-годдзе сумеснага жыцця. Поруч і разам Тамара Леанідаўна і Вадзім Аляксандравіч і ў смутку, і ў радасці, і ў працы.

Лёс звёў маладую пару ў роўкавіцкім вясковым клубе, куды аднойчы вечарам стромкі падцягнуты хлопец прыйшоў з таварышам на танцы. Падазерскаму кавалеру адразу спадабалася сімпатычная прыгажуня з вуліцы Кузнечнай. І ў хуткім часе маладыя згулялі вяселле. Так у Роўкавічах утварылася новая сямейная ячэйка.

Патапенкам гаспадарка выдзеліла жыллё, у бацькоў нарадзілася двое сыноў. І ўвесь іх працоўны шлях звязаны з мясцовым сяльгаспрадпрыемствам. Вадзім Аляксандравіч больш 15 гадоў адпрацаваў за рулём трактара – на ворыве, сяўбе і нарыхтоўцы кармоў, займаўся уборкай зерневых. А вось ужо доўгі час займае пасаду слесара даільных установак. Забяспечвае бесперабойную работу малочнага абсталявання, на якім, у тым ліку, працуе жонка. Пад апекай Тамары Леанідаўны 50 галоў дойнага статка. Да сваіх рагуль аператар машыннага даення спяшаецца двойчы на дзень: пачысціць стойла, прасачыць за санітарным парадкам на кармавым стале, выгнаць жывёлу на выгул. Важна, каб каровы не хварэлі і былі сытымі, ад гэтага залежыць узровень надоя і, вядома ж, матэрыяльны дастатак сям’і.

Дзяніс Патапенка.

Добрай падтрымкай бацькам сын Дзяніс. Скончыўшы чачэрскі дзяржаўны тэхнічны каледж, хлопец праходзіць адпрацоўку ў «РоўкавічыАгра». І адразу ж маладому сяльгасніку даверылі важную і адказную справу – прынялі памочнікам камбайнера. У цеснай сувязі з Кірылам Яршовым ён убірае ўраджай на шчодрых хлебных палетках. Маці з татам ганарацца, што ў сям’і вырас такі працавіты і здольны сын. «Вось толькі бачымся зрэдку: калі Дзяніс прыходзіць дадому, я ўжо сплю. А калі я іду на ферму, ён яшчэ ў ложку», – усміхаецца Тамара Леанідаўна. Ледзьве знайшлася ў гаспадыні хвіліна і для наладжвання сямейнай урачыстасці – на днях мужу споўнілася 55 гадоў, і тут ужо без святочнага стала аніяк. З імянінамі юбіляра віншавалі родныя, сябры, калегі, а ад кіраўніцтва КСУП «РоўкавічыАгра» ідэолаг Вікторыя Еўтухова ўручыла Вадзіму Аляксандравічу каштоўны падарунак.

…На небасхіле толькі-толькі працірае вочкі пяшчотнае ранішняе сонейка, а муж і жонка Патапенкі ўжо на сваім працоўным месцы. Следам за імі таропкаю хадой крочыць на мехдвор Дзяніс – як упадзе раса, час выганяць камбайн у поле. Так праходзіць дзень за днём, тыдзень за тыднем. І добра, што на чачэрскай зямлі ёсць такія працавітыя і неабыякавыя людзі, на якіх трымаецца вёска, раён, краіна.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика