На любімай рабоце амаль два дзясяткі гадоў

Прафесію бібліятэчнага работніка жыхарка Отара Ніна Жытнікава выбрала раз і назаўсёды, у чым сама спецыяліст упэўнена цвёрда.

У яе сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей, у той час чыталі ўсе – ад малога да вялікага. Хоць бацькам і дамачадцам хапала клопату на прысядзібным надзеле, у вольную хвіліну лепшым спадарожнікам у свет ведаў была кніга. А яшчэ было прыемна даведацца пра раённыя і абласныя навіны, абмеркаваць справы рэспубліканскага значэння. Так паступова і прыкіпела душа да друкаванага слова. На работу ў отарскую сельскую бібліятэку Ніна Леанідаўна ўладкавалася пасля дэкрэтнага адпачынку. Скончыла завочнае аддзяленне  Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна і вось ужо 18 гадоў каля стылажоў і фармуляраў. Інфармацыйны голад тут наталяюць 315 чытачоў, кнігавыдача за мінулае паўгоддзе склала 4730 экзэмпляраў. «Іншыя дзівяцца, чаму такая вялікая лічба, – усміхаецца спецыяліст. – Дык гэта ж разам з газетамі і часопісамі. А перыядычныя выданні ў мяне карыстаюцца неблагім попытам. Напрыклад, пенсіянерка Любоў Ягораўна Шкараедава штотыдзень прыходзіць за раёнкай. Зачытваюцца сюжэтамі цікавых кніг Людміла Курбацкая і Вольга Грыгарук. Сярод актыўных аматараў літаратурнага самавыхавання 88-гадовая Галіна Макараўна Лысянкова. Вучні малодшых класаў любяць пагартаць каляровыя старонкі дзіцячых навінак, казкі. Старэйшыя рабяты бяруць творы па школьнай праграме. А колькі прыходзіць прыезжых!»

Як паказвае практыка, папулярнасцю карыстаюцца дэтэктывы, раманы і гістарычныя выданні. Але ў апошні час насельніцтва актыўна далучаецца да чытання на роднай мове. Між іншым, прапаганду свайго, нацыянальнага бібліятэкар праводзіць з наведвальнікамі храма мудрасці ўсіх узростаў. Выхоўвае прыязнасць да беларускага маўлення, культуры і мясцовых каштоўнасцей у краязнаўчым дзіцячым гуртку «Вытокі». Рабяты праводзяць розныя мерапрыемствы да народных святаў і дзяржаўнага каляндара, ходзяць у этнаграфічныя экспедыцыі, знаёмяцца са знакамітымі ўраджэнцамі вёскі.

Зараз Ніна Леанідаўна працуе над творчым праектам «Вёска чытае ў Отары», у аснове якога прапаганда беларускай мовы, актывізацыя насельніцтва да вывучэння нацыянальных традыцый, павышэнне прэстыжу чытання. Адзін з накірункаў праекту – арганізацыя работы пры сельскай бібліятэцы музейнага пакою. Тут ужо сабрана досыць экспанатаў хатняга побыту сяльчан мінулага стагоддзя, прозвішчы знакамітых землякоў, гісторыя стварэння населеных пунктаў Отарскага сельсавету і асобна цэнтральнай сядзібы. Такім чынам, выснову, што на вёсцы чытаюць мала, бібліятэкар Ніна Жытнікава абвяргае сваёй руплівай работай, добрымі адносінамі да абанентаў і высокімі працоўнымі паказчыкамі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика