Кнігі з дастаўкай дадому – у кожную вёсачку краю

Да патрэб насельніцтва строга па графіку 6 раз на месяц у вёскі раёна адпраўляецца перасоўная бібліятэка. А там ужо з нецярпеннем чакаюць знаёмую машыну і багаж рознажанравай літаратуры прыхільнікі друкаванага слова.

У мінулы раз па маршруту Чачэрск-Нісімкавічы-Гаёк -Ключавы адправіўся карэспандэнт «ЧВ». Першы прыпынак – вёска Покаць. У пастаяннага чытача Канстанціна Баброва хата была на замку, заядлага кнігалюба мы сустрэлі каля ляснога масіву і там жа абслужылі – выдалі аматару вострых дэтэктыўных сюжэтаў запатрабаванае выданне і рушылі далей. Наступная кропка сустрэчы з аматарамі друкаванага слова давяла нас да падворка Юліі Багалітавай з вёскі Рудня Нісімкавіцкая. Сама жанчына з прычыны сваёй поўнай слепаты не можа ўзяць у рукі кнігу, затое яе дзеці з задавальненнем афармляюць на абанемент часопісы, шматтомнікі і іншую літаратуру. На гэты раз яны таксама выбралі тое, што ім па душы і да спадобы.

У чаканні перасоўнай бібліятэкі жыхары населенага пункта Гаёк сабраліся каля падворка Міхаіла Дзегцярова. Бібліобус прытармазіў каля хаты і на агляд вяскоўцаў загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі Таццяна Крыжанкова прапанавала шэраг тэматычных выданняў. Парадаваць вяскоўцаў не толькі добрай кнігай, але і вясёлай заліхвацкай песняй прыехалі салістка вакальнага ансамбля «Весялуха» Нісімкавіцкага ЦСДК Таццяна Назарава і віртуозны бабіцкі гарманіст Пётр Біжуноў.

  • Мы улічваем інтарэсы і попыт насельніцтва, прапануем тую літаратуру, якая можа захапіць і зацікавіць, – дзеліцца думкамі і метадамі бібліятэчнай работы з чытачом Таццяна Крыжанкова. – Канешне, вясковае насельніцтва паступова вымірае, і таму нашых абанементаў становіцца ўсё менш і менш. Да таго ж набірае рэйтынг электроннае чытанне. Аднак яно ніяк не заменіць папяровага носьбіту інфармацыі. На сёння ў спісе яго аматараў 215 абанементаў. Кнігавыдача за мінулае паўгоддзе склала звыш 3-х тысяч экзэмпляраў. Асобныя чачаране бяруць па 6-10 выданняў адразу. Цікавяцца навуковай і замежнай літаратурай, ваеннай тэматыкай і прыгодніцкімі сюжэтамі, з ахвотай карыстаюцца перыёдыкай. Падчас летніх канікул захвочаем таксама патрэбы школьнікаў – казкі, апавяданні і творы пазакласнага чытання заўсёды ў наяўнасці. Дастаўляем усё неабходнае па заяўках і просьбах вяскоўцаў.         

Марыя Царыкава вольны час праводзіць за чытаннем

Любоў да друкаванага слова ў Марыя Уладзіміраўны з дзяцінства. Шмат чытала ў школе, брала літаратуру дадому. А потым і сваю працоўную дзейнасць звязала з кнігай і шмат гадоў адпрацавала ў прафесіі.

Спачатку меркавала стаць зубным пратэзістам, але не прайшла па конкурсу і свой працоўны шлях пачала з пасады бібліятэкара Матнявіцкага сельскага Дома культуры. Насельніцтва на той час шырока карысталася паслугамі культустановы, толькі паспявай афармляй фармуляры. Павышаючы адукацыю, скончыла завочнае аддзяленне Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна. Ёй падабалася быць гаспадыняй кніжных паліц, на якіх размяшчаліся творы вядомых класікаў савецкай, беларускай, замежнай літаратуры. І хутка маладому спецыялісту прапанавалі перайсці ў аддзел камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі. Наплыў абанентаў у горадзе быў значна вышэйшы. Каб задаволіць патрэбы чытача, трэба было валодаць ведамі пра тое ці іншае выданне. «Калі нам дастаўлялі кніжныя навінкі, я спачатку пераліствала іх сама, а ўжо потым магла канкрэтна параіць штосьці чытачам», –  расказвае Марыя Уладзіміраўна. Так яна яшчэ больш прывязалася да любімага занятка. Але была вымушана развітацца з работай бібліятэкара па прычыне перасялення ў Віцебскую вобласць. Аднак зноў вярнулася на Чачэршчыну і цяпер яна – актыўны кнігалюб. Колы перасоўнай бібліятэкі амаль штотыдзень прыпыняюць ход каля яе хаты. Дэтэктывы, раманы, гістарычныя нарысы і красворды – усё даспадобы, каб заняць вольны час пасля работы на ўрадлівых прысядзібных сотках.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика