ПРА ЖЫЛЛЁ І ДАРОГІ ТУРБОТЫ
Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама П.Сілівончыка наведала працоўны калектыў цэха газавай гаспадаркі. У ходзе сустрэчы была прадстаўлена інфармацыя аб ходзе падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27 склікання.
Коратка расказалі аб справах у камунальнай гаспадарцы і медыцыне, аб крымінагенных абставінах і супрацьпажарнай бяспецы на тэрыторыі раёна, налогавым заканадаўстве і стане прафілактычнай работы з асацыяльнымі сем’ямі прадстаўнікі адпаведных служб. Павел Аляксандравіч давёў да ведама прысутных пытанні будаўніцтва на Чачэршчыне. Так, ужо да красавіка неабходна ўвесці ў строй два сацыяльных і адзін вытворчы аб’екты – гэта значыць, вясной расчыняць дзверы дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, гарадскі Дом культуры і новы малочна-таварны комплекс у ААТ “Звязда”. Плануецца добраўпарадкаваць шэраг гарадскіх вуліц, іх пералік яшчэ ўдакладняецца і хутка будзе надрукаваны на старонках газеты. Таксама, як паведаміў выступаючы, пачнуцца работы па ўзвядзенню жыллёва-будаўнічага вытворчага кааператыва №7, васьмікватэрнага дома па в.Ульянава і 12-кватэрнага на в.Дзяржынскага. Працягваецца рэканструкцыя філіяла вінаробчага завода і будаўніцтва індывідуальнага жылля.
Члены калектыву, у сваю чаргу, акрэслілі некалькі набалелых пытанняў. Напрыклад, вуліца Камарова ў зімовы перыяд дрэнна пасыпаецца пясчана-салянай сумессю, пражываючыя па в. 50 год БССР у раёне гарадской аптэкі скардзяцца на цяжкае перамяшчэнне на гэтым участку дарогі падчас моцных сезонных ападкаў, а аматары купання не дачакаюцца адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Брыз”. Не зусім задавальняе пакупнікоў асартымент кісламалочнай прадукцыі ў гандлёвых кропках горада, а стаць пастаяннымі кліентамі магазіна “Еўраопт” жадаюць многія. На акрэсленыя праблемы былі дадзены кампетэнтныя адказы, асобныя заўвагі ўзяты на кантроль.
