УСІМ ЛЮДЗЯМ НА ЗДАРОЎЕ

IMG_2409
Нібы адчуваючы набліжэнне Вадохрышча, на зямлю спусціўся пякучы хрышчэнскі мароз. Хоць набажэнствы духоўнага свята пачаліся яшчэ звечара 18 студзеня, асноўная маса людзей наведала Храм Прэабражэння Гасподня сонечнай раніцай наступнага дня. А скупыя цёплыя промні і сапраўды сагравалі ў той сцюдзёны апоўдзень тых, хто сабраўся пад сценамі святой абіцелі і прымаў удзел у агульным шэсці пад крыжамі і царкоўнымі харугвамі да возера Святое. Жадаючых паставіць свечку і памаліцца Усявышняму было шмат, а яшчэ больш чачаран прыйшло, каб напоўніць посуд асвечанай вадкасцю і акунуцца ўсім целам у ледзяную палонку. Нягледзячы на 20-градусны мароз, такія смельчакі знайшліся – басанож, у адной сподняй бялізне сігалі ў чорны холад, тройчы перахрысціўшыся ў “імя Айца і Сына, і Духа Святага”. Яны верылі – вада вылечыць, загоіць, надасць моцы і здароўя, змые ўсе грахі і правіннасці. А пакуль адны ныралі і плавалі, па скуры другіх, з ліку многіх цікаўных разявак, прабягалі мурашкі. Нехта нават круціў пальцам каля скроні: маўляў, з глузду хлопцы з’ехалі. Тым не менш увесь дзень на Вадохрышча да самага вечара палонка заставалася адкрытай для веруючых і аматараў такога традыцыйнага віду фізічнай загартоўкі. Ледзяны наст не паспяваў схапіцца на прамоіне, як нехта зноў і зноў баламуціў зімовы сон спакойных нетраў возера. Дай, Бог, сілы і здароўя ўсім добрым людзям, ахіні сваёй любоўю і міласцю тых, хто жыве ў нястачы, церпіць пакуты і каму так неабходна Твая  спагада і Боскае блаславенне!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика