Удаламу старту ў прафесію Віктар Селядцоў удзячны сваёй малой радзіме

Таленавіты музыкант і акампаніятар Віктар Селядцоў з Кобрына нізка кланяецца роднай Чачэршчыне, адкуль ён пачаў цікавы і яркі творчы шлях.

Яго малая радзіма – вёска Залаўе. Бацька працаваў галоўным інжынерам у калгасе імя Кірава, маці вяла бухгалтарскі ўлік у распажыўтаварыстве. У пачатковых класах вучыўся ў роднай вёсцы, а васьмігодку скончыў у Крутым, куды для зручнасці пераехала сям’я. «Бацька марыў зрабіць з мяне сяльгасніка, а мне лёс наканаваў іншае. Аднойчы ў Крутое на пасаду мастацкага кіраўніка ў новенькі клуб прыехаў Аляксандр Плаўдзіс, – успамінае Віктар Іванавіч. – Неяк ён прыйшоў у школу набіраць групу хлопцаў для духавога аркестра. Я таксама запісаўся. Адчуўшы, што ў мяне ёсць добрыя творчыя задаткі, Аляксандр Уладзіміравіч паказаў мне першыя азы ігры на баяне і параіў пайсці ў музычную школу. Мяне прынялі адразу ў 3-ці клас. На заняткі ездзіў тройчы на тыдзень. Пазнаёміўся з цудоўным выкладчыкам Ліліяй Вадзюцінай і будучым дырэктарам Зінаідай Яроменка. Яны навучылі мяне слухаць і любіць музыку, правільна валодаць інструментам. А калі я атрымаў атэстат, Лілія Міхайлаўна прапанавала прадоўжыць вучобу. Так я трапіў у Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.А.РымскагаКорсакава. Там таксама іграў на духавым інструменце. Па размеркаванні працаваў у Кобрыне, дзе стварыў сямью. А праз тры гады вярнуўся з жонкай у Чачэрск. Спачатку ўладкаваўся метадыстам у ГДК, а потым мяне прызначылі дырэктарам. Культурнае жыццё ў той час, скажу вам, кіпела па поўнай. Я не выпускаў баян з рук. Вёў работу гурткоў, арганізоўваў выязныя канцэрты агітбрыгады. Стварыў адразу некалькі духавых аркестраў: пры клубе, дзіцячы ў другой школе і з ліку мангольскіх навучэнцаў тагачаснага ССПТВ-54. А колькі існавала харавых і аматарскіх калектываў! Раённым хорам кіравала Зінаіда Браніславаўна, а былі ж і на вінзаводзе, у міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі (МСО), калгасах «Сцяг камунізму» і імя Леніна. Амаль у кожнай арганізацыі і на прадпрыемстве. Цудоўны хор лесаводаў заняў неяк 1-е месца ў адным з абласных конкурсаў і на рэспубліцы. У Матнявічах з Вольгай Дзяржынскай мы стварылі вакальную групу. Чачэрскія артысты выступалі ў Беларусі і за мяжой, нас запрашалі на тэлебачанне. Адным словам, спявала ўся Чачэршына. А вялікай падтрымкай у рабоце быў загадчык аддзела культуры Пётр Несцяровіч. Я з удзячнасцю і вялікай павагай успамінаю яго, а яшчэ прозвішчы дырэктара цэнтральнай бібліятэкі Алы Машуцінай, тагачаснага дырэктара музычнай школы Васіля Ананчыкава, працаўніц спецлясгаса Ганны Маславай і фабрыкі мастацкіх вырабаў Таісіі Прываленка, нязменнай прыпевачніцы Марыі Трафімавай і музыканта Рамана Гейфмана. Мы цесна супрацоўнічалі з дырэктарам Нісімкавіцкай культустановы Віктарам Гулевічам і кіраўніком Сідаравіцкага клуба Міхаілам Мыльнікавым. Сярод работнікаў ГДК хачу адзначыць мастака Васіля Галушку, віртуознага лыжычніка Ізраіля Зільберта, мастацкага кіраўніка Галіну Казлову, Аню Пугачову, а таксама бібліятэкара Ларысу Грынько і Надзею Болсун, загадчыцу аўтаклубам Людмілу Ананчыкаву. А канцэртны нумар вадзіцеля аўтобуса Аляксандра Клімава з песняй «Салдат малодзенькі» і зараз гучыць у маёй памяці».

Матнявіцкія артысты на беларускім тэлебачанні.

Ішоў час. Пасля катастрофы на ЧАЭС Віктар Селядцоў адсяліўся ў Кобрын і уладкаваўся на інструментальны завод «Сітома», адтуль пачаўся яго новы рывок у прафесію. Выпускніку аркестравага факультэта Мінскага інстытута культуры ў якасці дыпломнай работы трэба было стварыць свой інструментальны калектыў. І хутка «Раніца» выйшла на сцэну, а потым і заспявала. У 1993-м гурту прысвоілі званне «народны». За 25 гадоў пад кіраўніцтвам Віктара Іванавіча артысты аб’ездзілі шматлікія гарады Беларусі, атрымалі лаўрэатства на міжнародных конкурсах, выступалі ў Паставах на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». Цёпла і гасцінна кобрынцаў сустракалі ў нямецкім горадзе Уэльцэн.

Яшчэ адзін створаны ім калектыў Віктар Селядцоў лічыць сваім гонарам – адзіны ў краіне са званнем «народны» з ліку супрацоўнікаў мясцовага райаддзела ўнутраных спраў «Кобрынскія музыкі», з якім маэстра працаваў 19 гадоў. Салістам апладзіравалі ў Маскве, Смаленску, Варшаве і іншых гарадах. Таксама наш зямляк больш за 10 гадоў працаваў з гуртам «Дубравіца» ўпраўлення магістральных трубаправодаў Кобрына. Зараз Віктар Іванавіч вось ужо 18 гадоў з’яўляецца мастацкім кіраўніком ансамбля народнай музыкі і песні «Світанак» Кобрынскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа. Гурт неаднаразова станавіўся дыпламантам і лаўрэатам разнастайных фэстаў і іспытаў. Самы запамінальны момант – удзел у першым рэспубліканскім фестывалі «Арт-вакацыі» ў 2007 годзе перад кіраўніком «Бяседы» Леанідам Захлеўным. Гэта стала стымулам для далейшага творчага росту і стартам да новых перамог юных талентаў. Добрыя вынікі паказвае і дзіцячы гурт Віктара Селядцова «Весялінка», што дзейнічае пры раённым цэнтры дзіцячай творчасці. У гэтым годзе рабяты заваявалі дыплом і грашовы гранд за 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!». А ўсяму пачатак – любая Чачэршчына, якой апантаны культасветнік удзячны за любоў, цяпло і назапашаны вопыт.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика