У пошуку слоў-залацінак

цйкыфваКурцова Вераніка Мікалаеўна нарадзілася ў 1959 годзе   ў вёсцы Залессе. Закончыла мясцовую васьмігодку, Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983 г.), аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Кандыдат філалагічных навук (1994 г.), дацэнт. З 2010 года узначальвае аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў Інстытуце  мовы і літаратуры, які з 2012 года стаў састаўной часткай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

– Мая біяграфія, – прызнаецца Вераніка Курцова, – не мае нічога асаблівага. Нарадзілася ў вёсцы. Расла, адкрывала для сябе хараство прыроды, на якое багата навакольная зямля. Вучылася ў школе, вучылішчы, універсітэце. Вучоба была заўсёды ў радасць, таму і займалася з ахвотай і захапленнем. Кожную навучальную ўстанову заканчвала з адзнакай.
А прагу да ведаў, любоў да кнігі дачцэ прывілі бацькі – Марыя Рыгораўна і Мікалай Антонавіч Надтачэевы. Пазнаваць свет, рознае дзівоснае і цікавае ў прыродзе ўнучку вучыла бабуля па мацярынскай лініі Таццяна Яфімаўна Крупенькіна. На вялікі жаль, гэтых блізкіх і дарагіх для Веранікі Мікалаеўны людзей ужо няма ў жывых, але іх жыццёвыя ўрокі памятаюцца і зараз.
Удзячна В.М.Курцова таксама школьным настаўнікам, якія развівалі жаданне пазнаваць, вучыцца, і найперш настаўніцы пачатковай школы Ганне Дзямідаўне Крупенькінай – светламу, сціпламу, міласэрнаму чалавеку. Уменню пісаць творча любое сачыненне, любы пераказ навучыла Ульяна Іванаўна Палякова. Яна, увогуле, сфарміравала патрэбу любіць літаратуру, родную мову, чуць слова і гук, прывіла жаданне займацца менавіта мовамі, вывучаць іх. Гэтую цікавасць да слова памножыла падчас вучобы Веранікі ў вучылішчы выкладчык беларускай мовы і літаратуры Ала Харытонаўна Ганчарова.
“Ва ўніверсітэце, – зазначае Вераніка Курцова, – вучыцца было лёгка, займалася з захапленнем. Надзвычай любіла заняткі Ніла Сымонавіча Гілевіча, Віктара Пятровіча Краснея, Браніслава Аляксандравіча Плотнікава, запомніліся лекцыі А.Я. Супруна, Д.Я. Бугаёва, М. Яфімавай і многіх іншых. Навуковую скіраванасць разнастайным студэнцкім захапленням надаў доктар філалагічных навук, прафесар Леў Міхайлавіч Шакун. Дзякуючы гэтаму таленавітаму даследчыку, ўжо на старшых курсах універсітэта я ведала, што ў будучым буду займацца мовай як спецыяльнай галіной навукі.”  І праз два гады пасля заканчэння ўніверсітэта Вераніка паступае ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У гэтай установе лёс звёў яе з адным з самых вядомых у славістыцы дыялектолагаў Аляксандрам Антонавічам Крывіцкім. Пад яго кіраўніцтвам яна напісала і абараніла дысертацыйнае даследаванне, стала кандыдатам філалагічных навук, атрымала званне дацэнта. Дзякуючы глыбіні яго ведаў, пазнанням у галіне лінгвістыкі, шырокай эрудыцыі, захапленню сваёй дысцыплінай Вераніка Мікалаеўна даведалася пра многія моўныя таямніцы, навучылася навуковаму падыходу да ацэнкі розных моўных з’яў і фактаў. Як прызнаецца сёння наша зямлячка, Аляксандр Антонавіч улюбіў яе ў такую адметную навуковую дысцыпліну як дыялекталогія і лінгвагеаграфія і надзвычай рада, што шмат гадоў запар працавала поруч з гэтым цудоўным чалавекам, разам пісалі навуковыя працы і абмяркоўвалі шматлікія навуковыя праблемы.
З 2010 года Вераніка Курцова ўзначальвае аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа, які зараз з’яўляецца састаўной часткай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Самы галоўны навуковы клопат, якім сёння жыве аддзел, – упарадкаваць усе лексічныя набыткі, якія створаны і назапашаны беларускім народам на працягу гісторыі яго існавання. Гэта вельмі вялікая і доўгатэрміновая праца, якая будзе выконвацца паэтапна, паступова, аднак, як падкрэслівае Вераніка Мікалаеўна, яе трэба абавязкова ажыццявіць, каб паказаць найперш нам, беларусам, і ўсяму свету веліч і хараство нашай роднай мовы.
Калі за справу бяруцца такія няўрымслівыя спецыялісты як Вераніка Мікалаеўна, ёсць спадзеў, што ўсё будзе спорыцца. А таму тут будуць дарэчы словы Дзяніса Пуцікава:
“Мая цётка – чалавек, вельмі апантаны выбранай справай, настолькі, што размаўляць з ёй на навуковыя, на першы погляд, сухія тэмы – занятак не толькі цікавы, але і пазнавальны. Пры размовах пра назвы дурніц, асаблівасці гаворак б’ецца жывы струмень сілы старажытнага народа, які гэтая невялічкая сухаватая жанчына ўвабрала ў сябе напоўніцу.
Цётка стала для мяне асобай, якая вынайшла спосаб адчыніць скарбонку моўнага багацця. Аказалася, што мова – не проста і не толькі набор сродкаў зносін, гэта яшчэ і мысленне яе носьбітаў, іх бачанне свету, стаўленне да навакольнага. Мова захавала ў сабе, што было першасным, а што другасным для тутэйшага чалавека, да чаго ён цягнуўся, а чым грэбаваў. І самае цікавае тое, што яна змясціла ў сабе адказ – хто ты, беларус, якога роду.
Той, хто дасягае высокага ўмення ў адной справе, дасягае гэтага і ў іншым. Не аднойчы мне даводзілася паспытаць стравы, прыгатаваныя цёткай. Беларускай гасціннасці яна ўвабрала ў сябе з лішкам і адмовіцца ад яе пачастункаў цяжка.
З вялікай павагай стаўлюся да здольнасці яе і маёй маці захаваць любоў  і ўзаемапаразуменне, якія аб’ядналі нашыя сем’і. А расло гэта ўсё з аднаго кораня – з любові іх маці, для мяне бабулі Машы, прабабулі Тацянкі і гэтак далей і глыбей. Там, дзе адзін пройдзе і не заўважыць, іншы возьме сабе і ўзбагаціцца. Дзяцінства каля Сажа, безлічы азёр, лесу і раздолу паблізу ад люду, якія жывуць шчырай працай і тымі глыбокімі старадаўнімі песнямі – ад усяго гэтага, хоць часткова, атрымаў асалоду і я. А што казаць пра цётку, якая расла гэтым і набіралася сілы. Адтуль яе любоў да бацькоў і роднай старонкі перарасла ў павагу да тых простых і шчырых людзей, якіх яна сустракала падчас паездках па ўсёй Беларусі, і якія праз гэта станавіліся скарбонкамі яе адметных навуковых адкрыццяў, пра якія яна піша ў сваіх працах.”
Наша зямлячка з’яўляецца аўтарам звыш 200 публікацый. Адметна найперш тое, что сярод прац В.М. Курцовай ёсць і такія, якія належаць да агульнакультурных нацыянальных каштоўнасцей. У першую чаргу гэта фундаментальнае лінгвагеаграфічнае даследаванне “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” у пяці тамах. Мовавед удзельнічала ў стварэнні яго чатырох з пяці тамоў. Для гэтага выдання сумесна з іншымі аўтарамі ў чатырох тамах Курцовай было падрыхтавана звыш 100 лінгвістычных карт і каментарыяў для іх. Пры перавыданні знакамітай шматтомнай манаграфіі Я.Ф. Карскага “Беларусы” Вікторыя Мікалаеўна напісала прадмовы для большасці тамоў і зрабіла навуковы каментарый.
В.М. Курцова – адзін з удзельнікаў інавацыйнага міжнароднага агульнаславянскага праекта “Общеславянский лингвистический атлас. Серия лексико-словообразовательная”. Для розных выпускаў гэтай працы яна сумесна з А.А. Крывіцкім склала асобныя лінгвістычныя карты і падрыхтавала легенды разам с каментарыямі. Многія артыкулы, даследванні моваведа змешчаны ў розных замежных выданнях.
Сярод навуковых даследванняў, у якіх сістэматызуюцца лексічныя набыткі беларускіх народных гаворак, варта адзначыць тэматычныя слоўнікі “Жывёльны свет”; “Раслінны свет”, “Чалавек”, “Сельская гаспадарка”, для якіх В.М. Курцовай былі падрыхтаваны асобныя раздзелы, а таксама ў большасці выданняў упарадкаваны лексічныя паказальнікі (індэксы) да іх.
Вельмі многае даследчыкам зроблена для таго, каб пакінуць нашчадкам тэксты – жывыя паметкі маўлення беларусаў, якім яно было на памежжы стагоддзяў. В.М. Курцова не толькі робіць запісы і парадкуе расшыфраваныя матэрыялы. Яна дае разгорную навуковую характарыстыку маўленчых сродкаў, якімі карыстаюцца сёння жыхары сельскай мясцовасці розных частак і асобных раёнаў Беларусі.
Ёсць у лінгвіста і публікацыі, прысвечаныя апісанню розных прыватных моўных з’яў, характэрных для беларускай дыялектнай мовы. У асобных з такіх публікацый па апісанні некаторых фанетычных з’яў сістэматызаваная інфармацыя падаецца ўпершыню ў нацыянальнай дыялекталагічнай навуцы. Гэта найперш артыкулы пра такую адметную рысу паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы як оканне. Адрозна ад існуючых ў нацыянальнай лінгвістыцы прац яна разглядае і занаціскное аканне, уласцівае ўскраінным паўднёва-ўсходнім гаворкам. Многія з прац В.М. Курцовай прысвечаны выбітным даследчыкам нацыянальнай мовы: І.І. Насовічу, А.А. Ельскаму, а таксама аналізу поглядаў Якуба Коласа на прынцыпы правапісу.
Не менш актуальнымі і змястоўнымі з’яўляюцца і многія іншыя працы аўтара. Усе яны сведчаць пра шырокі дыяпазон навуковых інтарэсаў В.М. Курцовай, яе цікавасць да розных праблем айчыннай навукі. Зробленае даследчыкам – таксама сведчыць пра яе апантанасць і ўлюблёнасць у навуку, самаадданасць у працы.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика