Пацвердзілі званне і паказалі талент высокай спеўнай культуры

«Вербіца»

Творчыя гурты раённага Дома культуры «Вербіца» і «Свой стыль» пацвердзілі ганаровае званне народных калектываў. Да гэтай значнай падзеі артысты рыхтаваліся як да самага адказнага экзамена, удасканальвалі рэпертуар і выкананне музычных нумароў. Быць «народным» – гэта значыць умець настроіць жыццё іншых на творчую хвалю.

Упершыню ўдзельнікі «Вербіцы» заспявалі на публіку ў лютым 2020 года і неўзабаве заслужылі прызнанне і любоў аўдыторыі. Артыстычныя здольнасці, талент і манера выканання канцэртных нумароў хутка сфарміравалі станоўчую платформу для прысваення ансамблю звання народнага калектыву. У такім амплуа чачаране выступалі да сёлетняга года і зноў пацвердзілі сваё бліскучае сцэнічнае майстэрства. У складзе гурта, якім кіруе апантаная музычна-спеўным захапленнем Галіна Дарафеева, 6 чалавек. Сярод вопытных і адораных салістаў – Вера Дзем’яновіч, а ўпрыгожвае жаночы букет спявачак Руслан Шкалянкоў. Мала якія вечарыны і фэсты, народныя святы і значныя даты дзяржаўнага календара абыходзяцца без іх чыстых зычных галасоў.

«Свой стыль»

Для артыстаў калектыву «Свой стыль» статус народнага прынёс сапраўднае свята. Жыхароў і гасцей краю выступленні маладых прыгажунь заўсёды радавалі і чаравалі. Больш 10 гадоў палымянае трыо адточвала спрыт, талент, майстэрства і культуру спеваў. Трапна падабраны рэпертуар і яго падача з канцэртнай пляцоўкі, яркі сцэнічны вобраз і, галоўнае, душа, якую салісткі ўкладвалі ў кожны радок, у кожную песню і кожны ўздых ля мікрафона, зрабілі сваю справу – «Свой стыль» перайшоў на новы прыступак прафесіяналізму і творчага росту. Склад удзельнікаў хоць і невялікі, аднак тонкі музычны слых, уменне правільна трымаць ноту, падладжваць тэмбр, слухаць суседа і працаваць у ахвоту стварылі гурту папулярнасць, славу і аўтарытэт. Моцныя авацыі аўдыторыі – добрая адзнака старанняў Марыі Мамекінай, Кацярыны Мамруковай і Святланы Новікавай. Чачэрскі край ганарыцца сваімі талентамі, а верныя прыхільнікі іх мастацтва чакаюць ад артыстаў новых цікавых і незабыўных выступленняў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика