сардэчна запрашаем!

На радасць настаўнікам, дзецям і бацькам пачала работу новая школа на 144 месцы ў вёсцы Залессе, аўтарам праекта якой з”яўляецца гомельскі архітэктар І.А.Кашэвіч. Замест старога будынка зараз светлымі вялікімі вокнамі горда глядзіць у свет толькі што ўведзеная ў эксплуатацыю шыкоўная ўстанова адукацыі, пабудаваная па сучасных тэхналогіях. На адкрыццё новабудоўлі прыбыло шмат гасцей, сярод якіх намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама П.А.Кірычэнка, генеральны дырэктар УП “Гомельаблбудоўля” М.М.Раманюк, старшыня Чачэрскага райвыканкама І.І.Ком і шэраг іншых гасцей, кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў і арганізацый. Адкрыў святочнае мерапрыемства Пётр Аляксеевіч, які павіншаваў прысутных з такой значнай падзеяй. Ён заўважыў, што ў вобласці ў гэтым годзе адкрыліся 3 новыя школы. Для залескіх жыхароў такая падзея – вялікае шчасце, бо ў раёне не ўзводзілася нічога падобнага ўжо апошнія 15 гадоў. Дзяржава выдзеліла на дадзеныя мэты 8,5 міліярда рублёў. Вясковая ўстанова адукацыі не мае аналагаў у рэспубліцы, і абавязак педкалектыва і вучняў — захоўваць будынак у чысціні, зберагаць яго багацце і прыносіць поспехі добрымі вынікамі ў вучобе.
Чырвоная стужка перарэзана, дзеці і настаўнікі пераступілі парог і размеркаваліся па класах. А людзі яшчэ доўга не разыходзіліся – любаваліся храмам навукі. “Самой хочацца пайсці ў першы клас, — з натхненнем выказала думку пенсіянерка Е.П.Маслава. – Якая гэта радасць для ўсіх нас! Вялікі дзякуй усім, хто працаваў над яе будаўніцтвам”. Вясковыя бабулі са слязамі на вачах назіралі за прыгожа апранутымі школьнікамі, сачылі за ходам знаёмства гасцей са школьнай інфраструктурай, зайздросцілі настаўнікам.
Вялікай радасцю для дырэктара ўстановы Я.Цалка была і сама ўрачыстасць, і падарункі ад дэлегацый. А сярод іх – некалькі тэлевізараў “Гарызонт”, дыван, спортінвентар, лічбавая фотакамера, магнітафон, газонакасілка і інш.
Сапраўднае свята перажыла вёска 1 верасня. У добры шлях, школьнікі! Шчаслівага плавання ў цудоўны свет ведаў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика