Сустрэча з мінулым – у скарбонку ведаў юных краязнаўцаў

Юныя краязнаўцы працягваюць вывучаць гісторыю і старажытныя традыцыі, знаёмяцца з духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі сваёй малой радзімы.

Нядаўна рабяты з першай гарадской школы разам з удзельнікамі раённага грамадскага аб’яднання «ЧАК» наведалі Бабічы. Першым прыпынкам экскурсіі быў школьны музейны пакой, дзе за доўгія гады сабраны багаты матэрыял аб заснаванні вёскі, пра яе знакамітых жыхароў, фальклор і мясцовыя традыцыі.

Былы дырэктар установы адукацыі Аляксей Маркоўскі, краязнаўца і захавальнік культурнай спадчыны, расказаў рабятам пра тое, чым жылі, як працавалі і ладзілі святы вяскоўцы. Пералічыў імёны вядомых на ўсю Беларусь іконапісцаў братоў Гераковых. Пазнаёміў з творчасцю мясцовага мастака Пятра Мудракова, нагадаў прозвішчы людзей працы – ордэнаносцаў і перадавых калгаснікаў.

А якіх верных, мужных і адданых патрыётаў Радзімы выхавала старажытная бабіцкая зямля! Адзін з іх – поўны кавалер ордэнаў Славы Аляксей Філіпенка. Успомніў Аляксей Данілавіч і прозвішча арганізатара мінскага падполля Івана Кавалёва, які згарэў у смяртэльным агні канцлагера «Трасцянец», аддаўшы сваё жыццё за свабоду і незалежнасць краіны і свайго народа, родных Бабіч.

Пераступіўшы парог Бабіцкага цэнтра ткацтва, рабяты перанесліся ў недалёкае мінулае. У час, калі іх бабулі і дзядулі карысталіся прымітыўнымі прыладамі працы, але ўмелі імі добра карыстацца, шчыравалі на агульную карысць і выраблялі цудоўныя, такія неабходныя рэчы хатняга ўжытку: вышыўка, вязанне, макрамэ, прадметы бондарства і ганчарства. Для школьнікаў правялі майстар-клас па ткацтву, дзе кожны жадаючы мог сесці за кросны і на практыцы паспрабаваць сябе ў гэтай якасці. Да ткацкага станка ўтварылася чарга. І, трэба сказаць, урок вясковага рамяства спадабаўся ім найбольш за ўсё.

Дадому яны вярталіся задаволеныя і вясёлыя, з багажом новых карысных ведаў і светлых пачуццяў.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика