Бабіна каша прыйшлася даспадобы абласному журы

Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Фантазія», што дзейнічае ў Камуна- Ленінскай школе, годна прадставілі Чачэрскі раён на абласным конкурсе фальклорных калектываў «Шануйте спадчыну сваю». Абрад «Бабіна каша», якому раней адводзілася асобае месца ў час правядзення Хрэсбінаў, вельмі ўразіў членаў журы.

Нягледзячы на абмежаваны рэгламентам конкурсу час, вучні прадэманстравалі ўвесь каларыт сямейна- бытавога абраду, які ўласцівы іх мясцовасці і раней праводзіўся ў населеным пункце. У тэатралізаваным прадстаўленні дзеці перадалі сакраментальнасць усёй дзеі, галоўным элементам якой была менавіта бабіна каша. Яе гатавала баба-павітуха ў новым гаршку, які спецыяльна куплялі для гэтага. Шмат у пастаноўцы было гумару і жартаў. Напрыклад, калі баба губляла кашу, а прыходзілі валачобнікі, якія прапаноўвалі кашу, але не бабіну, а жывую: то кроліка замест яе, то дзяўчынку. А потым кум з кумой выкуплялі кашу. Каша, як хлеб, сімвал працягу жыцця, бо калі хлеб пяклі раз на тыдзень, яе гатавалі кожны дзень. А яшчэ як сімвал багацця і дабрабыту. Нездарма, калі баба запрашала есці гэту страву, госці бралі яе дадому як самае каштоўнае. А калі разбівалі гаршок, чарапкі кожны хацеў узяць у якасці абярэга і як замову на шчаслівае жыццё.

Дзеці пелі народныя песні, танцавалі, вадзілі хараводы каля стылізаванай хаткі. Журы адзначыла артыстызм удзельнікаў, а таксама дыялектную мову. Балаў дадало і тое, што быў выбраны менавіта мясцовы звычай.

Але галоўнае ўсё ж такі не адзнака журы, а тое, з якім інтарэсам і захапленнем дзеці прыходзілі на рэпетыцыі, рыхтаваліся да конкурсу, дэталёва знаёміся з элементамі традыцыйнага быту і нацыянальнай культуры. Гэта невыпадкова, бо адным з галоўных вектараў дзейнасці кіраўніка «Фантазіі» – настаўніцы рускай мовы і літаратуры Тамары Івалгінай – з’яўляецца народная педагогіка. Тамара Мікалаеўнай дапамагае дзецям прайсці шлях ад вывучэння сваіх каранёў да сапраўднага патрыятызму, нацыянальнай годнасці і грамадзянскай самасвядомасці.

Творчы педагог, які сам шчыра верыць, што чалавек павінен ведаць багатыя традыцыі месца, дзе нарадзіўся і вырас, цікавіцца гісторыяй роднага краю і, з’яўляючыся носьбітамі сапраўднай любові да малой радзімы, перадае яе дзецям.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика