Батвінаўскі хлеб і народная песня здзівілі гасцей свята

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» сабраў у сёмы раз на беразе Дняпра звыш 30 тысяч гасцей. Паказалі сябе на ўвесь свет і нашы чачэрскія культработнікі.

Цэнтр рамёстваў, этнаграфіі і фальклору арганізаваў падвор’е, дзе былі выстаўлены прадметы вясковага побыту беларусаў мінулага стагоддзя, вышываныя рушнікі і тканыя посцілкі мясцовых майстрыц, вырабы з лазы і саломкі, лялькі ў мініяцюры і шмат чаго іншага. Народны калектыў «Лёс» весяліў публіку заліхвацкімі матывамі пад акампанемент віртуознага музыкі Пятра Біжунова. Паслухаць пералівы мелодый народных песень і танцаў спыняліся прахожыя, некаторыя прасілі выканаць асобныя творы пад заказ. Сваё майстэрства і талент бабіцкія артысты Людміла Міхалкоўская, Вера Цеплякова, Марына Клімянкова, Валерый Гапеенка і Наталля Турмасава прадэманстравалі на галаканцэрце, прадставіўшы песню, з якой напярэдадні свята занялі 2 месца ў абласным відэаконкурсе «КаверХорШоу». Гучныя апладысменты сталі пацвярджэннем іх высокага таленту і артыстызму.

Не менш ярка прадставіла Чачэршчыну і загадчыца Батвінаўскім КСЦ Ірына Нікішова. Да стала з хрусткімі скарынкамі батвінаўскага хлеба стаяла доўгая чарга. Гаспадыня «смачнай» выставачнай зоны на дэгустацыі самага галоўнага прадукта беларусаў частавала жадаючых свежай выпечкай, а тыя наперабой хвалілі ўдала прыгатаваны гасцінец. Усе 14 буханак хлеба разышліся ў лічаныя хвіліны.

– Безумоўна, наша дэлегацыя паказала сябе на вышэйшым узроўні, усе проста малайцы, – выказвае свае меркаванні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Кавалёва. – Людзі падыходзілі да нашага падворка, падпявалі артыстам, ласаваліся пачастункамі, фатаграфаваліся і бралі кантакты музея хлеба, цэнтра ткацтва, а таксама рамёстваў, этнаграфіі і фальклору, каб потым прыехаць да нас на экскурсію і адпачынак. Лічу, мы зрабілі шырокую рэкламу аграэкатурызму краю. Хачу ад душы падзячыць усіх культработнікаў за работу. Што ж тычыцца свята, яно было настолькі насычаным, што асабіста ў мяне нават не хапіла часу абыйсці ўсе падворкі і выставачныя зоны. Я атрымала вялікае задавальненне і масу ўражанняў. Добра, што ў Беларусі ёсць такія цудоўныя фэсты, дзе раскрываецца глыбіня і мудрасць традыцыйнай культуры, каштоўны нацыянальны каларыт.

Валянціна Пранкевіч.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика