У прафесіі: настаўнічае 40 год у вясковай школе

Ёсць людзі, якія выбіраюць працу па душы і прызванні і служаць любімай справе ўсё сваё сумленнае жыццё. Так склаўся лёс і для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Меркулавіцкай школы Валянціны Андрэйчыкавай.

Перш чым стаць перад вучнямі каля дошкі, Валянціна Ціханаўна старанна спасцігала школьныя веды спачатку ў сваёй роднай вёсцы Башыца, потым перайшла ў суседнюю Іскру і скончыла вучобу ў Меркулавічах. Менавіта там, на ўроках аксакалаў педагагічнай справы Валянціны Калугінай і Любові Кудрыной, яна захапілася гэтай прафесіяй і канчаткова вырашыла, кім стане ў будучым. Пасля заканчэння школы дзявочая мара пачала ажыццяўляцца.

Атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, выпускніца паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны на завочнае аддзяленне. Па начах пісала канспекты да сесій, а днём спяшалася на заняткі, працавала настаўніцай пачатковых класаў. Было складана, няпроста, але дасягальна. І вось, урэшце, дыплом аб вышэйшай адукацыі на руках, а наперадзе – дарога ў цікавы і напоўнены свет адказнай і насычанай педагагічнай дзейнасці на малой радзіме.

Навучыць дзяцей не толькі ўмець правільна і выразна чытаць, граматна пісаць і размаўляць на роднай мове, а яшчэ любіць мілагучную беларускую гаворку, паважаць нацыянальную этнічную культуру і ведаць творчасць вядомых класікаў Беларусі – такую ідэю заўсёды брала за аснову сваёй працы Валянціна Ціханаўна. І не змяняе ёй сёння. Падчас заняткаў ці на класнай гадзіне імкнецца данесці да рабят усё тое каштоўнае, важнае і прыгожае, святое і мудрае, чым можа ганарыцца наша малая радзіма, наша любая краіна і кожны жыхар сінявокай. Навучае не толькі школьным прадметам, але і самому жыццю, паводзінам, выхоўваючы ў хлопчыкаў і дзяўчынак самыя лепшыя якасці. Як класны кіраўнік яна шчыра клапацілася, турбавалася, настаўляла і праклала торную сцяжынку ў новы свет 4 класам выпускнікоў.

Асобныя таксама знайшлі сваё прызванне ў галіне адукацыі. І ў гэтым немалая заслуга педагога вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Валянціны Андрэйчыкавай. За добрасумленную шматгадовую працу жанчына адзначана граматамі Міністэрства адукацыі, дыпломамі раённага і абласнога ўзроўняў. Толькі яе намаганні накіраваны не для здабытку ўласнай пашаны, а каб з рабят выраслі добрыя гаспадары, годныя грамадзяне Беларусі, чуллівыя і адораныя прафесіяналы і проста сумленныя і неабыякавыя людзі. Такія, як і сама настаўніца.

Бо Валянціна Ціханаўна заўсёды можа дапамагчы і падтрымаць тых, каму неабходна і мудрае слова, і слушная парада, і цёплая спагадлівая ўсмешка. Хутка прабягаюць гады, незаўважна пралятаюць урокі. Мяняюцца падзеі, мода, час і людзі. У школу прыходзяць новыя вучні, прымяняюцца сучасныя перадавыя формы і тэхналогіі навучання.

І толькі адно застаецца нязменна ранейшым – нястрымнае жаданне даць дзецям усё самае неабходнае, закласці ў аснову іх лёсу трывалы сацыяльна-адукацыйны падмурак, каб яны цвёрда сталі на ногі і ўпэўнена ішлі па жыцці, прабіваючы шлях у навуку, творчасць, спорт, або проста былі здаровымі, паспяховымі і шчаслівымі. І ніколі не забывалі пра сваю школу і яе настаўнікаў, што дзяліліся з імі багаццем свайго сэрца і ведамі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика