Жыў з любоўю да зямлі і верай у людзей

Больш за 20 гадоў былым калгасам імя Кірава кіраваў вопытны аграрый, вучоны-аграном, чалавек вялікай волі і цвёрдага характару Мікалай Быкаў. Заўчасная смерць напаткала Мікалая Максімавіча 14 мая 2004 года ва ўзросце 56 гадоў. На днях яму б споўнілася 75.

Ураджэнец Буда-Кашалёўскага раёна скончыў Краснабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум і па размеркаванні прыехаў на работу на Чачэршчыну. Павышаючы кваліфікацую, паступіў на завочнае аддзяленне ў Горацкую сяльгасакадэмію. Свой працоўны шлях пачынаў з пасады эканаміста, агранома-насеннявода ў калгасе імя Кірава. У хуткім часе граматнага і перспектыўнага спецыяліста выбіраюць старшынёй. На калгасны сход паглядзець на кандыдатуру Быкава сабралася каля 647 чалавек. Хтосьці згодна ківаў галавой, а нехта вагаўся, прыглядваўся. Але прагаласавалі аднагалосна. І завярцелася кола турбот самага маладога кіраўніка ў раёне, якому даверылі ўзначаліць такі адказны і складаны аб’ект. Аднак ён спраўдзіў ускладзеныя на яго надзеі і за кароткі час здолеў вывесці калгас у міліянеры, наладзіўшы якасць сельскагаспадарчай прадукцыі і стварыўшы грунтоўны эканамічны падмурак. Рэзка павялічылася пагалоўе жывёлы, грамадскі статак аднавіўся мяснымі пародамі, бычкі вырасталі вагой да 600 кілаграмаў. Значна папоўніліся і малочныя рэкі. Пачалі будавацца новыя вытворчыя памяшканні для ўтрымання БРЖ. З палеткаў хлебаробы збіралі высокія ўраджаі зерневых, прадукцыя ішла на ўласныя патрэбы і рэалізацыю дзяржаве. Усё гэта прынесла гаспадарцы прыбытак, што станоўча паўплывала таксама на дабрабыт людзей. Для вяскоўцаў уводзілі ў строй камфортнае жыллё, клапаціліся аб здароўі. А якія ў Крутым ладзілі маёўкі! За добрую працу – добрая падзяка. Канешне, тут не абышлося без строгай дысцыпліны і пільнага вока кіраўніка, які чуйна сачыў за ўсімі працэсамі сяльгасвытворчасці і вёў дакладны ўлік затратам. Ды толькі інакш было б немагчыма дасягнуць таго, чым славіўся калгас і ўся Чачэршчына. Па сваім дзелавым і асабістым якасцям ён быў адным з лепшых у раёне, а гаспадарка лідзіравала па ўсіх пазіцыях аграрнага сектара.

Нельга сказаць, што ў Мікалая Быкава ўсё складвалася гладка. Былі і цяжкія перыяды. Напрыклад, калі падчас адсялення пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС многія спецыялісты выехалі ў чыстыя зоны. Толькі кадравы голад не зламіў волі старшыні, а даў новы штуршок да выжывання і плённай дзейнасці сельскагаспадарчай галіны. Іспыт на цвёрдасць і вынослівасць Мікалай Максімавіч вытрымаў з гонарам. Быў сам і ў полі, і каля дойнага пагалоўя, і ў мехмайстэрні. А вось хваробу здолець не змог. Да апошняга змагаўся за жыццё і заставаўся на пасадзе.

Земляроб з вялікай літары, кіраўнік ад Бога, адданы сын зямлі,  дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, пераможца сацспаборніцтва і ўдарнік ХІ пяцігодкі ўзнагароджаны медалямі «За трудовое отличие» і «За доблестный труд». У панядзелак родныя, калегі і сябры будуць успамінаць дарагога чалавека, таварыша, калегу і смуткаваць па прычыне незваротнай страты. Няма старшыні, разваліўся калгас, сціх вясёлы гоман працавітых даярак. Але ў гісторыі чачэрскага краю Мікалай Быкаў быў і застаецца яркай асобай, чалавекам-гранітам з шырокай душой і светлымі чыстымі марамі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика