Раскрывае ў падлетках мастацкія здольнасці і вучыць заўважаць прыгожае

Жанчына – гэта пяшчота, дабрыня, любоў, святло і крэатыўная творчасць. Менавіта такія якасці ўласцівыя педагогу-арганізатару дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, члену раённага аб’яднання Беларускага саюза жанчын Дзіне Баранавай.

За 28 гадоў работы ў дадзенай установе адукацыі Дзіна Васільеўна не раз упэўнівалася, што беспамылкова выбрала прафесію па душы, густу і педагагічным прызванні. Па-мацярынску чулліва і ўважліва яна адносіцца да навучэнцаў, умее зацікавіць, захапіць і далучыць да прыгожага, за якім далёка хадзіць не трэба.

Рукатворнае дзіва нараджаецца тут, у майстэрні аб’яднання па інтарэсах «Калейдаскоп». Творчую дзейнасць у гуртку пачыналі са швейнай справы – кроілі і сшывалі ў адно цэлае спадніцы, кашулі, сукенкі.

Але захацелася нечага большага, і вось ужо ў запасніках «Калейдаскопа» вырабы па тэхніцы абрэзкавага шыцця пэчварк і крэйзі-пэчварк, работы ў японскім стылі кінусайга, аплікацыя, мяккія цацкі і арганайзэры. Тут трапна і вытанчана знойдзена другое прымяненне старым рэчам: карціны з казачнымі і абрадавымі персанажамі, на патрыятычную тэматыку, кветкавыя кампазіцыі і іншыя сюжэты з прыроды і жыцця чалавека – у самых яркіх вобразах і фарбах. Многія з гэтых фантастычных шэдэўраў адзначаны дыпломамі за 1-3-я месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах «ТэхнаЕлка» і «Профи-Арт», інавацыйнай дэкаратыўнай і прыкладной творчасці і г.д. Зараз Дзіна Васільеўна чакае вынікаў за ўдзел у чарговым мастацкім іспыце і паралельна з дзяўчынкамі рыхтуе на вернісаж новыя чароўныя лапікавыя кампазіцыі першацветаў на аснове з пенапласту.

Аднак гэта толькі частка таго, чым захапляе ліцэістаў Дзіна Баранава. Вялікая роля адводзіцца акцёрскаму і сцэнічнаму майстэрству. Раскрыць свае вакальныя і тэатральныя магчымасці рабятам дазваляюць шматлікія канцэртныя праграмы, антыалкагольныя і супрацьнаркатычныя квэсты, юбілейныя вечарыны, конкурсы песеннай і паэтычнай творчасці. Не так даўно прызёрам абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю навучэнскай і студэнцкай моладзі «АРТ-вакацыі» за верш «Не запрещай себе мечтать» стала Паліна Балотнікава і выступіла на завяршальным галаканцэрце. У конкурсе вясёлых і знаходлівых «Восеньскі марафон» рабяты прафліцэя таксама сталі пераможцамі. Такіх дасягненняў, калектыўных і індывідуальных, вялікая колькасць.

Прафесіянальны педагог, як пяшчотная матуля, атуляе сваіх выхаванцаў жаночай цеплынёй і клопатам, дзелячыся самым каштоўным – сардэчнай любоўю і сваім невычэрпным талентам і крэатывам. А дома шчаслівая бабуля ахінае гарачымі абдымкамі любімага ўнучыка Андрэйку. Хлопчык адчувае бязмежную любоў роднага чалавека і ў адказ прагна цягне да бабулі маленькія ручкі, як знак шчырага дзіцячага прызнання ў вялікай прыхільнасці.

Свет жанчыны… Ён такі просты і такі незвычайны. У Дзіны Баранавай яе свет напоўнены яркімі фарбамі, светлымі марамі, шырокім мастацкім даляглядам, цікавай работай і феерверкам фантазіі, якой яна з радасцю дзеліцца з навакольнымі.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика