Восень жыцця Марыі Гарбузавай

Сёння жыхарка Нісімкавіч Марыя Гарбузава прымае віншаванні – роўна 85 гадоў таму, такім жа цёплым летнім днём яна нарадзілася на свет у вёсцы Амельна Рагачоўскага раёна.

Лёс склаўся так, што пасля заканчэння Бабруйскага медыцынскага вучылішча Марыю Андрэеўну накіравалі на адпрацоўку на Чачэршчыну. Першае месца яе работы стала пастаянным, у працоўнай кніжцы жанчыны адзіны запіс – Нісімкавіцкая сельская бальніца. Спачатку людзей лячылі ў памяшканні старой вясковай школы, а калі быў узведзены новы будынак, калектыў адсвяткаваў наваселле. З 1954 па 1997 год медсястра аказвала неабходную дапамогу дарослым і дзецям не толькі тэрапеўтычнага характару. Даводзілася перавязваць раны пацярпелым ад няшчасных выпадкаў пацыентам, прымаць хворых у прыёмным пакоі, выязджаць на дом па выкліках хуткай дапамогі. Начныя змены і дзяжурствы каля бальнічнага ложку ўвашлі ў паўсядзённыя клопаты Марыі Андрэеўны. Да таго ж бальніца аказвала падтрымку мясцоваму калгасу ў копцы буракоў і бульбы, уборцы лёну і зерневых, нарыхтоўцы сена. Так і праходзілі яе карпатлівыя напружаныя будні.

А дома – вялікая хатняя гаспадарка, муж, чацвёра дзяцей. Круцілася, нібыта чаўнок. Але ў гэтай звыклай мітусні хапала месца і для адпачынку, і на творчасць. Марыя Гарбузава была адной з актыўных удзельніц мастацкай самадзейнасці. Разам з сяброўкамі яна выступала на раённых канцэртах і вясковых святочных вечарынах, спявала прыпеўкі і старажытныя народныя песні. Яшчэ, як і многія ў той час жанчыны, любіла вышываць крыжыкам і гладдзю, вязала кручком карункі, сурвэткі, рознакаляровыя дыванкі і шкарпэткі. Гэтай справай, нягледзячы на ўзрост, займаецца і зараз. Мяккія і зручныя ваўняныя тапачкі для пецярых унукаў і дваіх праўнукаў заўсёды ў запасе. Прыемны занятак аблягчае хвіліны адзіноты і журбы, бо ў чаканні прыезду родных жанчына сумуе па дзіцячых вочках і іх вясёламу смеху. Затое калі радня збіраецца разам, хата напаўняецца сонечным святлом, на жаночым твары разгладжваюцца маршчыны, а сэрца поўніцца спакоем і мядовай душэўнай асалодай.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика