СЦЯЖЫНКА ДА БАЦЬКОЎСКАГА ПАРОГА

фцуеапамияуыавГісторыя ўзнікнення пасёлка Каробка такая ж, як і ў большасці аналагічных маленькіх вёсачак Чачэршчыны: яна зарадзілася ў пачатку ХХ стагоддзя ў выніку рассялення насельніцтва. Сюды спачатку пераехалі жыхары в. Іпалітаўка (яшчэ і цяпер старажылы называюць яе Бяляеўкай) і пачалі будаўніцтва. У асноўным  першымі хутаранамі былі прадстаўнікі роду Маскаленкаў. Пасялкоўцы пасвілі кароў адразу за ваколіцай і давалі адпачынак жывёле каля вадапою – невялікае балотца, дзе раней біла крынічка, а вакол густа раслі ігрушы. За круглую форму копанку “ахрысцілі” каробкай, а потым і жыхары сталі звацца карабчанамі. Вузкая вулачка на 13 двароў неўзабаве разраслася больш за 20 падворкаў. Спачатку Каробка ўваходзіла ў склад Іпалітаўскага, потым Отарскага, Захарпольскага, Чачэрскага і зноў Отарскага сельсаветаў. Размяшчалася на землях калгасаў “Бальшавік” (былы старшыня Васіль Саўчанка), а цяпер – ААТ “Отар”. Візітнай карткай пасёлка служыць старая лістоўніца, якую, як сведчыць гісторыя, пасадзіла некалі графіня Чарнышова. Зараз там на грамадзянскіх могілках знаходзяць свой апошні прытулак памерлыя. Тут жа непадалёку працавала пачатковая школа, крыху воддаль стаялі хлявы, дзе ўтрымоўваліся цяляты, авечкі, а яшчэ раней – куры і гусі. Даглядала маладняк адна з жывёлаводаў Аляксандра Паплаўская, а калгасную атару авечак выганялі на пашу Дар’я Атрашкова і Алена Ганчарова. Была тут і калгасная стайня, дзе працавалі вяскоўцы.
Мужыкі і бабы раней хадзілі да калодзежа кожны са сваімі “вожкамі” – падвязвалі да лейцаў вядро і даставалі ваду. Гэта ўжо потым былі зроблены спецыяльныя прыстасаванні для пад’ёму вадкасці з глыбіні. Яе бераглі і эканомілі. Буйную рагатую жывёлу летам адпраўлялі “ў пастух”, статак ганялі ў Палу – балоцістая мясціна за агародамі: там жывёла і траўку пашчыпле, і вады хлебане. А жылі людзі адной сям’ёй і ўсё рабілі разам, талакой. Напрыклад, Фёдар Маскаленка не мог нікому адмовіць і рубіў хаты ўсім аднавяскоўцам. Спрытна круцілі лазу і выраблялі вялікія і малыя кашы, карзіны Макар Гурскі і Фёдар Любянкоў. Загаворвала дзіцячыя хваробы і шаптала перад іконай на ваду бабка Парасся. Да мясцовай лекаркі вадзіла лячыць ад спалоху і нарадкі сваіх малых Еўдакія Маскаленка – разам з мужам яны нарадзілі шасцёра дзяцей. Столькім жа дала жыццё і Аксіння Хмяльніцкая, толькі неўзабаве яны асірацелі – у сувязі з заўчаснай смерцю бацькі, які ў лесе зваліўся з дуба і разбіўся. Толькі ў жыцці ж так – адны паміраюць, а другія нараджаюцца. Ох, і любіў ударыць па клавішах двухрадкі на святы, на радзіны і ўлазіны гарманіст Аляксандр Маскаленка! Калі ён расцягваў мяхі, утрымацца на месцы было немагчыма. Складна выводзілі матыў вясковых песень пад яго гармонік галасістыя маладзіцы Аксіння Хмяльніцкая, Алена Ганчарова, Паліна Маскаленка і іншыя. Упрыгожвалі жаночыя перапевы таксама і вяселле Сяргея Маліноўскага, які ажаніўся на суседцы Надзеі Пранкевіч.
Так, шумным і вясёлым было жыццё карабчан. Вясной ад квецені вішань аж вочы рэзала. А які водар вылучала зямля, як красавалася сонцу росная майская раніца! Цяпер замест шырокага вясковага шляху – вузкая каляіна, а на ўвёсь пасёлак – адна сям’я Мікалая і Валянціны Маскаленкаў. І толькі праз вакно чалавечай памяці можна зазірнуць у мінулае, зноў вярнуцца да бацькоўскай хаты, пад старую вішню, на родны парог. Бо гэта сцяжынка ніколі не зарастае…

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика