Гальванапластыка Аляксандра Плістава выклікала захапленне

Майстра па мастацкай гальванапластыцы Аляксандра Плістава добра ведаюць як у раёне, так і далёка за межамі. Яго работы аб’ездзілі ўсю краіну і пабывалі ў шматлікіх гарадах Расіі. Чачэрская гальванапластыка разышлася па прыватных калекцыях Канады, Германіі, Англіі, Амерыкі, Аўстраліі, Японіі, Францыі, Італіі. А нядаўна ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці адбылася прэзентацыя чарговай персанальнай выставы «Духоўнай радасці ззянне».

У аснове 52 карцін, пано і медальёнаў, прадстаўленых на агляд Аляксандрам Пліставым, пераважна біблейскія сюжэты, што якраз ва ўнісон пасхальнай тэматыцы. Казанская, Уладзімірская, Тіхвінская іконы Божай Маці, абліччы Мікалая Угодніка, Георгія Перамаганосца і Спасіцеля, абразы «Таемная вячэра», «Раство», «Святая троіца» і «Неапальная купіна» – усё гэта шыкоўны вынік карпатлівай тонкай працы. Працэс стварэння рукатворнага цуду працяглы – ад месяца і больш. А над іконай Казанскай Божай Маці майстар карпеў цэлы год. І цяпер яна адна з каштоўных экспанатаў яго калекцыі.

Не маючы спецыяльнай адукацыі, Аляксандр «вырошчвае» рэльефныя сюжэты па асаблівай тэхналогіі з атамаў медзі. Сваім захапленнем загарэўся напачатку 1990-х, а першая выстава-аўкцыён прайшла ў Аўстрыі ў 1993 годзе. Унікальны тавар разышоўся на ўра. Усе заробленыя тады грошы былі накіраваны дабрачыннаму фонду «Шчыт Чарнобылю» для аздараўлення дзяцей з забруджаных радыёнуклідамі рэгіёнаў. А ўсяго за гэты час чачаранін прадставіў каля 300 розных выстаў і экспазіцый на конкурсах і фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Ён жаданы госць на шматлікіх святах і фэстах – «Александрыя збірае сяброў» на беразе Дняпра, «Вясновы букет» у Мінску, белгародская «Хотмышская восень» і «Руская каша», «Славянскі базар» у Віцебску, гродненскія «Казюкі», «Вянок дружбы» ў Бабруйску, на Коранскім і Свенскім кірмашах у Курску і Бранску. За год такіх паездак – за дзясятак. І ўсюды яго пазнаюць па беларускім нацыянальным строі касцюма, а творы ідуць нарасхват, бо ён – самы вядомы ў Беларусі майстар па мастацкай гальванаплыстыцы.

Высока ацанілі работы нашага земляка і на гэты раз гамяльчане. «Я працую ў абласным цэнтры народнай творчасці 16 гадоў і такую экспазіцыю арганізую ўпершыню, – прызналася загадчыца сектарам па выставачнай дзейнасці Наталья Лунцэвіч. – Тэхналогія атрымання дакладных металічных копій прадметаў да найдрабнейшых падрабязнасцей, якую выкарыстоўвае Аляксандр, – працэдура складаная і шматгранная, патрабуе цярпення і ўседлівасці. Але паглядзіце, як усё выглядае прыгожа, надзейна і якасна! Чакаем чачэрскага майстра да нас з наступнымі шэдэўрамі».

А ў планах апантанага творцы – летнія туры па Расіі, праца над кітайска-рымскай геральдыкай і ўвасабленне ў меднае адлюстраванне заступнікаў пчаляроў, нябесных захавальнікаў Зосіма і Савація.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика