У будучае – з надзеяй і добрай шчырай песняй

Чачэрская зямля ў 36-ты раз апладзіравала вядомым таленавітым артыстам беларускай эстрады міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы «У будучае – з надзеяй».

У праекце, арганізаваным Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, міністэрствамі культуры і адукацыі, грамадскім аб’яднаннем «БРСМ» і Беларускім фондам міра, прымаюць удзел не толькі знакамітыя эстрадныя салісты краіны і славутыя народныя калектывы. У сваёй аснове ідэя творчай акцыі накіравана на падтрымку пачынаючых зорачак з пацярпелых рэгіёнаў, дае магчымасць шырэй раскрыць і ўмацаваць артыстычныя здольнасці адораных спевакоў і музыкантаў, даць надзею на далейшы рост і развіццё таленту.

На гэты раз праграма праходзіць пад дэвізам «Культурна-гістарычная спадчына роднай зямлі», што сімвалічна для аб’яўленага ў краіне Года гістарычнай памяці. Першымі на сцэну раённага Дома культуры са сваімі канцэртнымі нумарамі выйшлі юныя артысты нашага краю. І, вядома ж, пацвердзілі статус самых-самых. У каторы раз уразіла сілай голасу, імпэтам і эмацыянальным накалам выступленне школьніцы Любові Ганжынай, яе арыгінальна выкананы «Куточак Беларусі» ўзрушыў і крануў слухачоў да самага сэрца. Вясёлая забаўляльная дзіцячая песенька «Лялечка» ад мікрафона Наташы Новікавай ускалыхнула аўдыторыю хваляй настрою і прымусіла прысутных з замілаваннем усміхнуцца. Чулліва, шчыра і пранікнёна выказала свае пачуцці да любай краіны Арыяна Гапеева ў словах песні «Беларусь – мой дом». А дуэт музыкантаў дзіцячай школы мастацтваў у складзе Мсціслава Картозіі і Ганны Шугаёвай паказаў інструментальную варыяцыю твора Рымскага-Корсакава «Палёт чмяля» і атрымаў высокую адзнаку арганізатараў свята. Дыпломы, памятныя медалі і авацыі зала сталі найвышэйшай узнагародай за харызму і шыкоўнае выступленне. Хто ведае, магчыма нехта з маленькіх артыстаў у хуткім часе зойме сваё ганаровае месца ў свеце беларускага мастацтва і будзе з удзячнасцю і настальгіяй успамінаць перажытыя хвіліны.

А пакуль яны падрастаюць, мацнеюць і адточваюць талент, чачаранам прадэманстравалі лепшыя якасці прафесійнага майстэрства прызнаныя фаварыты сцэны – артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі і заслужаны фальклорны ансамбль «Купалiнка». Яркія касцюмы, пазітыўны імпульс, пластыка і грацыя, цудоўнае валоданне голасам і знешняе абаянне ўдзельнікаў канцэрта зрабілі святочны вечар прыемным, незабыўным і эмацыянальна насычаным.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика