Заўсёды жанчына бывае прыгожай, бо шчырае сэрца – багацце яе

Нягледзячы на цяжкую вясковую працу, раннія пад’ёмы і штодзённыя сельскагаспадарчыя турботы, жывёлавод на адкорме Таццяна Фомчанка з ААТ «Отар» не губляе жаночай прывабнасці і абаяння.

Яе ўпрыгожвае не толькі светлая адкрытая ўсмешка, цёплы позірк вачэй і чалавечая добразычлівасць, але і вялікая адказнасць за даручаную справу.

Таццяна Анатольеўна прыехала на Чачэршчыну з суседняга Кармянскага раёна ў 2005 годзе. Сяльгаспрадпрыемства выдзеліла сям’і жыллё і забяспечыла работай. З таго часу сцяжынка ад хаты да отарскай фермы стала для жанчыны грунтоўнай дарогай у прафесію. Паступова прызвычаілася да новага месца жыхарства, мясцовых жыхароў, з якімі амаль адразу ўзніклі сяброўскія адносіны. Так заўсёды бывае, калі да людзей адносішся шчыра, з добрымі памкненнямі.

Яе працоўны дзень пачынаецца а 7-й гадзіне раніцы. Пад апекай Таццяны Анатольеўны рагаты статак у 280 галоў ва ўзросце ад трох месяцаў і больш. Бычкі і цялушкі сытыя і дагледжаныя, бо заўсёды маюць дастатковы рацыён харчавання і сухі подсціл. У хлеве таксама чыста і акуратна, рукамі гаспадыні падтрымліваецца пастаянны парадак, станоўчы мікраклімат і іншыя патрабаванні па санітарыі.

Кіраўніцтва і таварышы па працы адносяцца да Таццяны Фомчанка з вялікай павагай за яе адказнасць, працавітасць і старанне. Яна не толькі бездакорна выконвае свае непасрэдныя задачы, а і гатова дапамагчы у складанай сітуацыі сяброўкам. На ферме шмат цяжкай фізічнай працы. Таму і добрае слова, і падтрымка канкрэтнай справай тут на вагу золата.

Маці траіх дзяцей, пяшчотная бабуля і дома такая ж карпатлівая і рухавая: у хаце цёпла і ўтульна, на стале смачныя сняданкі і абеды, для ўнукаў у запасе салодкія пачастункі і гарачыя абдымкі. Родныя з вялікім задавальненнем вабяць час пад дахам яе гасціннай хаты, дзе кожны пакой нібы пранізаны духам сардэчнай цеплыні і спагады.

А Таццяна Анатольеўна – сапраўдная захавальніца сям’і, традыцый, добрых адносін паміж самымі блізкімі людзьмі. Вялікі жыццёвы вопыт дапамагае знайсці выйсце з самай, здавалася б, складанай сітуацыі. І самы важны мацярынскі наказ – і паміж сабой, і з кожным чалавекам, што трапляецца на жыццёвым шляху, усё трэба рабіць па-добраму, па сумленні. Тады лёс будзе поўніцца толькі самымі радаснымі падзеямі і справамі, а на душы стане спакойна і прыемна.

Таццяна Анатольеўна прывучыла сваіх дзяцей любіць працу, работать адказна на карысць грамадству. Яе мудрыя парады і падтрымка дапамагаюць ім ствараць надзейны сямейны дабрабыт, бо за ўсіх у матулі баліць душа і трывожыцца сэрца. А родныя ўзамен адорваюць дарагога чалавека бясконцай любоўю і павагай, радуюць творчымі і працоўнымі поспехамі.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика