Вайна ў лёсе адной сям’і

Вядома, што няма ніводнай сям’і, якую б не кранула жудаснае кола вайны. Гісторыя кожнай – гэта маленькі пазл у мазаіцы «Вялікая Перамога».

Наша таксама не стала выключэннем. Мой прадзед Макар Пятровіч Жэўнераў, ураджэнец вёскі Фундамінка, што да пачатку 1960-х адносілася да Меркулавіцкага сельсавета Чачэрскага раёна, так і не вярнуўся з поля боя. Яго прызвалі ў рады Чырвонай Арміі з першых дзён вайны. Дома засталася цяжарная жонка і пяцёра дзяцей. Праз некалькі месяцаў з’явілася на свет яшчэ адна дачушка. Але Макару не давялося ўбачыць ні самую маленькую, ні гадаваць сваіх кравіначак… Яго сэрца спыніла куля фашыста ў жытнім полі пад Кобрынам. Саслужыўцы-аднасяльчане, якія сталі сведкамі гэтага, потым расказвалі, як яны ішлі ў наступленне са зброяй у руках. Выстрал – і чырвонаармеец імгненна ўпаў. Салдаты пайшлі далей, а ён так і застаўся ляжаць у хлебных каласах назаўжды. Родным невядома, дзе ён пахаваны ці наогул было цела 34-гадовага мужчыны прыдадзена зямлі. У архіўных дакументах ён лічыцца прапаўшым без вестак.

Дзеці засталіся сіротамі. Зразумела, немагчыма перадаць усяго таго, праз што прыйшлося прайсці яго жонцы Суклеце Лук’янаўне, каб узгадаваць трох дачок і столькі ж сыноў, жыццё якіх сваім подыхам апаліла вайна. Бабуля расказвала, як не было чаго есці і яны зусім яшчэ маленькія хадзілі на поле і выкопвалі з замерзлай глебы гнілую бульбу, потым рабілі з яе аладкі.

І хоць мы не маем магчымасці пакланіцца магіле нашага героя, але заўжды прыходзім да абеліска, што знаходзіцца ў суседняй да Фундамінкі вёсцы, дзе на адной з мемарыяльных пліт сярод іншых імёнаў землякоў-вызваліцеляў, якія не вярнуліся з вайны, і прозвішча Макара Пятровіча. Сюды мы, нашчадкі, прыходзім не толькі ў святочныя дні Пабеды. Раней прыводзілі сюды дзяцей, потым унукаў, а цяпер распавядаем аб жудасах вайны і пра абаронцу роднага краю самому меньшаму. Бо жыве чалавек, пакуль памятае і шануе сваіх герояў.

А.КІСЯЛЁВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика