Цэнтральная раённая бібліятэка адзначыла 110-годдзе

Душэўнае і цёплае мерапрыемства адбылося ў цэнтральнай раённай бібліятэцы – установа культуры святкавала 110- годдзе з дня заснавання. Радасць сустрэчы падзялілі госці, сябры і верныя прыхільнікі кнігі.

Аднак, звернемся да гісторыі. У далёкім 1910-м стваральнікам бібліятэчнай сістэмы ў раёне стала Соф’я Ізраілеўна Гінзбург, якая арганізавала збор кніг у насельніцтва, праводзіла з аматарамі друкаванага слова тэматычныя дыспуты і літаратурныя вечарыны пад гукі скрыпкі. За гэты час змянілася некалькі пакаленняў бібліятэчных работнікаў, памножыўся абанемент наведвальнікаў, усталявалася багатая матэрыяльна-тэхнічная база. І зараз бібліятэка – не проста храм мудрасці. Тут праходзяць цікавыя круглыя сталы, віктарыны, пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Наводзяцца масты сяброўства з калегамі бліжняга замежжа ў фармаце анлайн, праводзіцца абмен вопытам.

У зале гучала ціхая мелодыя, а на экране манітора – такія знаёмыя вобразы тых, хто стаяў ля вытокаў і быў прадаўжальнікам народных і асветніцкіх традыцый: Георгій Касінскі, Ала Машуціна, Любоў Ермакова… У юбілей звычайна прымаюць падарункі і ўзнагароды. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта калектыву перадала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Кавалёва. Больш 100 кніжных выданняў напярэдадні свята ахвяраваў у фонды бібліятэкі працоўны калектыў цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна. А наш зямляк, паэт і пісьменнік, ганаровы грамадзянін Чачэршчыны Міхась Болсун прачытаў калектыву аўтарскі верш і пакінуў на памяць свой новы зборнік твораў «Роднае, блізкае…», у якім сабраны перакладзеныя на рускую мову яго вершаваныя думкі, шкадаванні і пачуцці. Дырэктар культустановы Людміла Хрысціна ў сваю чаргу падзячыла за супрацоўніцтва работнікаў адукацыі і культуры, чытачоў, а таксама ўручыла падзячны ліст актыўным дарыцелям кніг Інне Драчовай, Алене Дуброўскай і цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.

Летапіс установы культуры працягваецца, наладжваюцца трывалыя сяброўскія сувязі, з’яўляюцца новыя прыхільнікі масавага чытання. Бібліятэка жыве і стварае сваю гісторыю, сваю будучыню. А якой яна стане, залежыць ад тых, хто працуе сёння і хто прыйдзе на змену сучаснікам.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика