ПРАЗ ПЕРАШКОДЫ ДА ПЕРАМОГІ

IMG_8452Месцам пастаяннай сустрэчы прыхільнікаў карыснага адпачынку на прыродзе, аматараў цікавых   спартыўна-культурных спаборніцтваў турыстычнага злёту стаў Мяшчанскі лес. На мінулыя выхадныя там падчас адкрыцця мерапрыемства традыцыйна загучалі фанфары, цішыню хваёвага бору прарэзалі галасы ўдзельнікаў з ліку школьнікаў, да верхавін кудлатых елак падняліся клубы дыму ад турыстычных вогнішчаў, смачна запахла бульбай і смажаным салам. А потым пачаліся спартыўныя гульні, у ходзе якіх удзельнікі праходзілі шэраг іспытаў на хуткасць, кемлівасць, уменне арыентавацца на мясцовасці, вязаць вяровачныя вузлы, спяваць. Як звычайна, кожнай камандай ажыццяўляўся выпуск турыстычных газет і давалася аб’ектыўная адзнака гэтым спантанным выданням на невялікіх аркушах паперы, праводзілася краязнаўчая віктарына “Жывём і памятаем”.
Выказалі жаданне паспытаць свае сілы і пабавіцца разам шэсць  каманд,  у тым ліку ДПТВ-186, а таксама  далучыліся да актывістаў спорту і карыснага адпачынку ўдзельнікі міжнароднага дзіцячага лагера “Прамень”. Лепшымі паказалі сябе ў валоданні турыстычнымі навыкамі вучні Залескай, Батвінаўскай і Меркулавіцкай школ, заняўшыя 1, 2 і 3 месца адпаведна. Пераможцы атрымалі дыпломы, магнітныя компасы, а залеская каманда павезла дадому яшчэ і пераходзячы кубак. Астатнія атрымалі Падзячныя лісты за ўдзел. Прызам сімпатый гледачоў быў адзначаны навучэнец ДПТВ-186 Дзяніс Чарноў. Рабяты прызналіся, што ім вельмі спадабалася пераадольваць штучныя перашкоды, арыентавацца па карце і слухаць песні пад гітару. Яны з задавальненнем выконвалі ўсе няхітрыя заданні па пачатковай турыстычнай падрыхтоўцы. Аднак, як заўважыла дырэктар раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Дуброўская, каманды былі не зусім добра падрыхтаваны, многія хлопчыкі і дзяўчынкі не ўмелі вязаць вузлоў, дрэнна валодалі навыкамі аказання першай медыцынскай дапамогі і паказалі слабыя  веды ў краязнаўчай віктарыне. На жаль, на элементарныя пытанні па гісторыі свайго раёна, Гомельскай вобласці, Беларусі змаглі адказаць далёка не ўсе. Недастаткова ведаў у дзяцей і па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Усё гэта можна звязаць з іх хваляваннем. Але ж у асноўным два дні турыстычнага злёту прайшлі пад эмацыянальным накалам, з прыўзнятым настроем і пазітыўнымі пачуццямі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика