Пешаходы скардзяцца на самакатчыкаў. Як вырашыць канфлікт інтарэсаў?

Пешаходы ўжо даўно не могуць пахваліцца статусам паўнавартасных гаспадароў тратуараў.

Раней сваю зону яны дзялілі толькі з раварыстамі. Некалькі гадоў таму да ўжо звычайных суседзяў дадаліся кіроўцы электрасамакатаў. Ужыцца з уладальнікамі новага для Беларусі транспарту ўсё яшчэ не атрымалася. Ці ёсць выйсце з сітуацыі? Электрасамакаты ў адрозненні ад сваіх механічных «калег» могуць развіваць хуткасць, супастаўляльную з аўтамабільнай. Два гады таму адзін з уладальнікаў такога транспарту здзівіў нават мінскую камеру фотафіксацыі: мужчына разагнаўся па праезнай частцы сталіцы да 75 км/г. Аўтамабілісты могуць хіба што зайздросціць: ім правілы дарожнага руху дазваляюць у горадзе хуткасць, якая не перавышае 60 кіламетраў на гадзіну. Кіроўцы ж самакатаў забаронаў у законах пакуль не знойдуць і карыстаюцца гэтым. Убачыць іх транспарт можна як на праезнай частцы, так і на тратуарах.

З такой хуткасцю адшукаць небяспеку лёгка. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Раніцай 23 кастрычніка па сустрэчнай паласе гомельскай кальцавой рухаўся самакатчык. Заўвагу яму зрабіў матацыкліст, які спыніўся адмыслова дзеля гэтага. А за байкерам ехаў фургон, кіроўца якога зрэагаваць не паспеў і збіў уладальніка электратранспарту. Выходныя для мужчыны пачаліся з рэанімацыі.

Начальнік АДАІ Чачэрскага РАУС Аляксандр Манахаў распавёў, што сёлета ў горадзе і раёне здарэнні з удзелам кіроўцаў электрасамакатаў не рэгістраваліся. Колькасць жа самакатчыкаў дакладна невядомая, аднак, паводле словаў афіцэра, за апошнія гады яна павялічылася і ўжо можа параўнацца з раварыстамі. Што з гэтым рабіць?

Пакуль заканадаўчых механізмаў для рэгулявання руху самакатаў няма. Правілы не вылучаюць уладальнікаў электратранспарту як асобную групу і не прыраўноваюць да нейкай іншай. Але інструменты ў барацьбе з парушэннямі праваахоўнікі знаходзяць. Як кажа Аляксандр Манахаў, супрацоўнікі АДАІ ладзяць прафілактычныя гутаркі з кіроўцамі самакатаў. Дапамагаюць і патрульныя міліцыянеры, якія, знаходзячыся на сваіх маршрутах, таксама тлумачаць самакатчыкам правілы бяспекі.

Заканадаўчая дапамога ўжо блізка. Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала папраўкі ў правілы дарожнага руху. Цяпер яны на фінальнай стадыі ўзгаднення. Новаўводзіны прыраўняюць уладальнікаў сродкаў індывідуальнай мабільнасці да пешаходаў. Перасоўвацца ім дазволяць па роварных дарожках, а пры іх адсутнасці – па тратуарах, пешаходных дарожках ці ўзбочыне. Плануецца, што для такога транспарту ўсталююць шэраг патрабаванняў: тэхнічна магчымая максімальная хуткасць – 25 км/г, спраўныя тармазная сістэма і стырнавое кіраванне (пры наяўнасці), фара (альбо ліхтар) пры руху ў цёмны час ці ва ўмовах недастатковай бачнасці. Пакатацца пад градусам таксама не атрымаецца: карыстацца сродкамі індывідуальнай мабільнасці ў стане ап’янення забароняць. Не дазволяць кіраваць электрычным транспартам і дзецям да 12 гадоў.

Пакуль папраўкі ў ПДР чакаюць свайго зацверджання, у ДАІ раяць уладальнікам самакатаў не забывацца на правілы бяспекі: добра трымацца за стырно, не адцягваць увагу на гаджэты, не перавозіць пасажыраў, карыстацца абарончай экіпіроўкай. Таксама важна кантраляваць сітуацыю вакол сябе, выконваць бяспечную дыстанцыю, а калі паблізу дзеці, зніжаць хуткасць і быць гатовым да іх раптоўных дзеянняў. Гэтых парадаў не знайсці ў законах, але менавіта яны дазволяць вярнуцца дадому без непатрэбных праблем.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика