Настаўнік, баяніст і добры сябра

Настаўнік другой гарадской школы Іван Курашоў каля 30 гадоў вучыць дзяцей прыгожай музыцы і спеўнаму мастацтву, а таксама доўгі час далучае да светлага і прыгожага рабят з гуртка «Вясёлыя ноткі».

У школе ні адно мерапрыемства не праходзіць без акампанементу Івана Рыгоравіча – калі не на баяне, то пад электронны клавішны інструмент выступаюць на сцэне гарэзлівыя маленькія зорачкі. Дорыць тую ж сардэчную радасць ён і ўсім, хто слухае выступленне народнага гурта «Жывыя крыніцы», што дзейнічае пры Ворнаўскім сельскім Доме культуры на Кармяншчыне, і кіраўніком якога ён з’яўляецца. Перад гэтым 7 гадоў узначальваў калектыў народнай песні і музыкі «Чачэрскі гармонік», каля 5 гадоў – арганізаваны ім вакальна-інструментальны ансамбль «Калі ласка».

Зусім за кароткі тэрмін вывеў у «народныя» бяляеўскіх «Вяскоўцаў», з ахвотай акампануе на святах і ў полі для хлебаробаў отарскай «Лілеі». Пад «курашоўскія» найгрышы, здаецца, заспявае нават той, каму «на вуха наступіў мядзведзь» – да таго мякка і мілагучна звіняць гузікі яго баяна. Да таго ж у настаўніка і баяніста шмат сяброў, якія яго цэняць, паважаюць і прыслухоўваюцца да слушных парад.

Прыродны талент, адметны насычаны рэпертуар і віртуозная ігра прыносяць артыстам прызнанне і славу, а самому Івану Рыгоравічу прыемнасць і душэўнае замілаванне, упэўненасць у сваіх творчых сілах і таленце. Іншы раз ён і сам спявае, дорачы хвіліны салодкага адпачынку, той жа радасці і станоўчых эмоцый навакольным. Усё сваё жыццё ён бездакорна прысвяціў музычна-песеннай творчасці. А яму ні многа ні мала – нядаўна споўнілася 60 гадоў. Аднак узрост не ў цяжар, а на карысць, бо ёсць чым ганарыцца, падзяліцца з іншымі і перадаць у спадчыну падрастаючаму пакаленню.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика