Як змагацца з непатрэбнымі надпісамі на дамах

Пяціпавярховік на вуліцы Першамайскай амаль не адрозніваецца ад сваіх суродзічаў. Галоўная адметнасць – надпісы на мурах. Мастакі-графітысты вырашылі ператварыць будынак у пляцоўку для сваіх «шэдэўраў». На прыгажосць малюнкі не прэтэндуюць, а іх сэнс вядомы хіба што аўтарам, аднак абмінуць гэтую творчасць увагай мы не здолелі.

Прыбраць надпісы могуць і самі жыхары

Праблема вулічных малюнкаў для Чачэрска не надта актуальная. Начальнік КЖУП «Чачэрскае» Павел Макарэвіч не прыгадвае такіх выпадкаў за апошні час, аднак алгарытм дзеянняў у сітуацыях гэткага кшталту называе з лёгкасцю. Заўважыўшы надпісы з боку пад’ездаў, камунальнікі паведамляюць пра тое жыхарам. Тыя, у сваю чаргу, арганізуюць рамонт. Іншая рэч – творчасць на адваротным баку альбо тарцах: гэта ўжо зона адказнасці КЖУП, якое ў такіх выпадках вырашае праблему самастойна.

Падобны прынцып і са зваротамі ў міліцыю. Калі надпіс з’явіўся ў зоне адказнасці жыхароў, яны самі вырашаюць, ці паведамляць праваахоўнікам. КЖУП жа абавязкова інфармуе сілавікоў пра малюнкі не з боку пад’ездаў.

Што могуць атрымаць мастакі?

Нічога добрага. Гэткая творчасць можа лёгка ператварыцца ў адміністратыўную адказнасць паводле артыкулаў 11.3 («Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці») альбо 19.1 («Дробнае хуліганства»). У першым выпадку правапарушальніку пагражае штраф ад 2 да 30 базавых велічынь, у другім – спагнанне гэткага ж памеру, грамадскія працы ці арышт.

Крымінальная адказнасць за такія ўчынкі таксама магчымая. Артыкул 341 адпаведнага кодэкса («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») прадугледжвае пакаранні ад грамадскіх працаў да пазбаўлення волі на тры гады. Надпісы могуць кваліфікаваць і па артыкуле 339 («Хуліганства»), які пацягне за сабой гэткія ж санкцыі.

Ці можна скіраваць энергію ў правільнае рэчышча?

Графіці бярэ свае вытокі яшчэ са старажытнасці. Асаблівую папулярнасць яно набыло ў XX стагоддзі. Каб стаць вулічным мастаком, цяпер трэба проста прыдбаць балончык з фарбай. А правільныя мэты могуць ператварыцца не ў вандалізм, а карысць для горада. Павел Макарэвіч запэўнівае, што КЖУП заўжды гатовае да супрацоўніцтва з чачаранамі ў пытанні ўпрыгожвання збудаванняў.

Далёка хадзіць па прыклады прыгожых і карысных графіці не трэба. Летась у Чачэрску з’явіўся малюнак, які нагадвае, што ў выпадку пажару трэба тэлефанаваць па нумарах 101 і 112. У суседнім Рагачове мур аднаго з дамоў упрыгожыў партрэт Уладзіміра Караткевіча, які ў маленстве часта бавіў час у горадзе. Забаву лёгка зрабіць добрай справай, якая будзе не псаваць горад, а паляпшаць яго.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика