Жыццё поўніць аптымізмам

Для пенсіянеркі Зінаіды Чвыровай узрост – не перашкода, каб арганізаваць свой вольны час з карысцю, напоўнена і пазнавальна.

Сумаваць і скардзіцца на лёс не ў яе характары, хоць жыццё – не скібка з мёдам, гора і роспачы было досыць. І ўсё ж Зінаіда Пятроўна заўсёды на вясёлай ноце, разбаўляе сумныя будні жартамі і шчырай усмешкай. Калі выйшла на заслужаны адпачынак, не замкнулася ва ўласных думках і праблемах. Медрэгістратар раённай паліклінікі за 13 гадоў работы на гэтай пасадзе прывыкла быць у цесным кантакце з насельніцтвам. Таму, калі ёй прапанавалі стаць наведвальнікам аддзялення дзённага прабывання для людзей сталага ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пагадзілася. Больш таго, запісалася ў салісткі ветэранскага хору «Жывіца». І цяпер удзельнічае ў шматлікіх конкурсах, фэстах, мітынгах, валанцёрскіх акцыях і іншых культурна-масавых мерапрыемствах раённага і рэспубліканскага маштабаў. А яшчэ на дачным участку ў Глыбочыцы вырошчвае кветкі, садавіну і гародніну – каб было чым парадаваць родных і знаёмых. Іншы раз частуе сябровак сакавітым яблыкам, кансервацыямі. Пасля рэпетыцыі прыемна сабрацца за агульным сталом і паласавацца пладамі з агарода. Канцэрты ж ветэранскі хор ставіць даволі часта, выступаючы на святах у РДК і на гарадскіх пляцоўках. Зінаіда Пятроўна там вядзе асноўныя галасавыя партыі, без яе музычны нумар губляе песенную афарбоўку. А каб актыўнай грамадскай пазіцыі не перашкаджала пандэмія, жанчына адна з першых у калектыве зрабіла прышчэпку. Прычым стаяць у чарзе за вакцынай не трэба было, укол атрымала прама дома. Узяць прыклад заклікала брата Міхаіла і дачку Алу. Цяпер смела можна і на сцэну.

Дарэчы, паслухаць выступленне «Жывіцы» жыхароў краю запрашаюць у аўторак а 15-й гадзіне ў раённы Дом культуры. Людзі залатога ўзросту прадэманструюць яднанне сардэц і творчы талент.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика