У Бабічах на Яблычны Спас асвяцілі садавіну

Брэнд чачэрскага краю – Яблычны Спас – у гэтым годзе прайшоў у Бабічах у 11-ты раз. І, як заўсёды, на народнае свята сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і вернікі прылягаючых вёсак, каб асвяціць дары сада, сустрэцца з сябрамі і аднавяскоўцамі, паслухаць прыгожую песню.
Традыцыйна ў Бабічах з дынамікаў музычнай апаратуры загучалі званы і палілася тэматычная мелодыя ўсенароднага святочнага фэсту. Пасля малебена каля святой крыніцы айцец Васіль акрапіў пасвяцонай вадой садавіну і гародніну, пажадаў прысутным здароўя і даўгалецця.
Агульны настрой і сіла веры аб’яднала і натхніла, у паветры лунала атмасфера эйфарыі і душэўнага спакою. Жадаючыя маглі прайсці майстар-клас па народных рамёствах, працавалі гандлёвыя рады і выставы-продаж рознастайных тавараў. Для дзяцей арганізавалі гульні і забавы, каля батута выстраілася чарга «скакуноў», а моладзь і аматары музычна-песеннай творчасці з задавальненнем назіралі за выступленнем артыстаў. За адным са столікаў можна было паласавацца духмянай гарбатай з мёдам.
Дарэчы, раней у дзень Яблычнага Спаса славяне праважалі заход сонца з песнямі. І хоць гулянне ў Бабічах скончылася далёка да змяркання, гучныя мелодыі знаёмых матываў абудзілі ўсё наваколле і напомнілі вяскоўцам, як добра жыць на роднай зямлі ў міры і спагадзе, зберагаць культурныя і духоўныя каштоўнасці і адзначаць святы сумесна, па-свойску і весела.
У гэтым годзе для нісімкавіцкіх вернікаў таксама правялі рытуал акраплення яблык. Добры пачын, як спадзяюцца людзі і сам айцец Васіль, набудзе трывалую аснову і Яблычны Спас тут стане атрыбутам духоўнага адраджэння.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика