Пахаванні радзімічаў і старажытныя гарадзішчы. Даведаліся, што цікавага знаходзілі археолагі на Чачэршчыне

Чачэрская зямля не засталася без археалагічных помнікаў. Такім статусам могуць пахваліцца 38 аб’ектаў на тэрыторыі горада і раёна. Іхным адкрыццём для людзей займаліся археолагі, якія 15 жніўня адзначаць сваё прафесійнае свята. А пакуль яны рыхтуюць келіхі, мы згадаем пра археалагічную спадчыну Чачэршчыны. Назва не ад пчаляроў?

Першыя згадкі пра Чачэрск датуюцца 1159 годам. Менавіта тады, як сцвярджаецца ў Іпацьеўскім летапісе, кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч аддаў горад разам з Мазыром свайму чарнігаўскаму калегу Святаполку Алегавічу. Паводле найбольш распаўсюджанага меркавання, назва нібыта пайшла ад старажытнага слова «чачор», што значыць «воск», які продкі чачаран быццам бы выраблялі ў вялікай колькасці, здабываючы мёд дзікіх пчолаў. Аднак гэткая версія паходжання тапоніма ставіцца пад сумнеў. – Нісімкавічы – адзін з найстаражытнейшых помнікаў раёна, аднак падчас раскопак тут не знайшлі ніякіх сведчанняў, што назва магла б пайсці ад воска. Хаця на Чачэршчыне людзі сапраўды заўсёды шмат займаліся пчалярствам. Але я больш схіляюся да версіі аб паходжанні назвы горада ад ракі Чачора, – распавядае нісімкавіцкі даследчык Аляксандр Ганчароў. – Гэта другая распаўсюджаная версія. Яшчэ адна скіроўвае да племені чычакоў, што калісьці жыло на тутэйшай зямлі. Лічыцца, што першыя пасяленні ў раёнё ўзніклі каля Нісімкавічаў напрыканцы каменнага ці ў пачатку жалезнага веку. А ўжо ў VII стагоддзі нашай эры людзі перасяліліся з гарадзішча на месца сучаснага аграгарадка. Гэта пацвярджаюць раскопкі, якія ўпершыню былі праведзеныя вядомым беларускім археолагам Еўдакімам Раманавым у канцы ХІХ стагоддзя, а ў 80-х гадах ХХ іх ладзілі гісторыкі Уладзімір Багамольнікаў і Алег Макушнікаў. – Асабіста я ў раскопках не ўдзельнічаў, але прысутнічаў, калі гэта рабілі Багамольнікаў і Макушнікаў, – згадвае Аляксандр Ганчароў. – Былі знойдзеныя людскія парэшткі, што сведчылі аб пахаванні мірных людзей, якія жылі ў IX-XI стагоддзі. Акрамя таго, у магільніку знайшлі элементы вопраткі, упрыгожванні, розныя прылады працы, нажы. Пры раскопках паселішчаў таксама знайшлі рэшткі жылых пабудоваў. Пра мірны характар пахаванняў краязнаўца згадвае нездарма. Паводле летапісаў, радзімічы прыйшлі на чачэрскую зямлю «ад ляхаў». Існуе меркаванне, што гэта яны зрабілі не мірным шляхам. Гэтую версію спараджаюць прымаўкі «Радзімец цябе бяры» і «Каб цябе радзімец узяў», якія, як сцвярдаюць даследчыкі, карысталіся папулярнасцю на Чачэршчыне і ў Магілёўскай вобласці. Снарадаў ужо не знайсці? Пахаванні часоў Другой сусветнай вайны былі амаль у кожнай чачэрскай вёсцы. У 60-х гадах большасць з іх перанеслі ў горад, на Замкавую гару. Гэты лёс напаткаў і Нісімкавічы. А вось братэрскія магілы ў Валосавічах і Бабічах захаваліся. Колькасць жаўнераў, якія скончылі свой шлях пры вызваленні чачэрскай зямлі, падлічыць складана – рахунак ідзе прынамсі на сотні. Толькі на Замкавай гары пахавалі больш як 300 вайскоўцаў. Істотна павялічаць лічбу чырвонаармейцы, якія загінулі падчас адступлення. Не абмінула бяда і цывільных. Масавымі растрэламі нацысты на Чачэршчыне не адзначыліся, але спаленыя разам з жыхарамі вёскі пакінулі – у некаторых з іх загінула па некалькі дзясяткаў чалавек. Нязгодных каралі на гарадской плошчы: там вешалі партызанаў і іхных сувязных. Прадметы вайсковых часоў у раёне ўжо можна не шукаць: амаль усе яны дачакаліся рук археолагаў і тутэйшых жыхароў. – Праз 15-20 гадоў пасля вайны знаходзілі шмат стралковай зброі, патронаў, мін, гільзаў, вопраткі. Але нічога звышардынарнага там не было: баі, вядома, вяліся за кожную вёску, аднак гэтыя сутычкі не адрозніваліся вялікім маштабам, – мяркуе Аляксандр Ганчароў. А вось пахаванняў часоў сталінскіх рэпрэсіяў на Чачэршчыне пакуль не знаходзілі. Аляксандр Ганчароў сцвярджае, што ў горадзе і раёне было шмат рэпрэсаваных, аднак канкрэтнай лічбы дагэтуль няма. Як і сведчанняў пра месцы, дзе расстрэльвалі ахвяраў. Згубленая манета і сякера ад вучняў Аляксандр Ганчароў нячасты ўдзельнік раскопак. Аднак і ён можа пахваліцца некалькімі знаходкамі. – Мне падказалі месца непадалёк ад Нісімкавічаў, дзе раней знаходзілі старажытныя манеты. Я якраз і знайшоў адну, выпушчаную ў 1647 годзе. Яна належыць да часоў Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай, але, на вялікі жаль, у мяне не захавалася, – разводзіць рукамі гісторык. Аднойчы пашанцавала і ягоным вучням, якія прынеслі свайму выкладчыку цікавую знаходку. – Калі я працаваў настаўнікам, мне прынеслі нейкі прадмет, што ў мініяцюры нагадваў сякеру. Дзеці, якія яго знайшлі, вельмі здзіўляліся тым, як ім маглі карыстацца старажытныя людзі. Вылучыць найцікавейшую гісторыю з археалагічнага досведу Ганчарову складана: праца ў Нісімкавічах спарадзіла багата прыгодаў. У такім краю гэта і не дзіва. – Нісімкавічы – гэта вельмі важны археалагічны пункт на мапе Беларусі, які мае вялізарную гістарычную каштоўнасць. Археалагічны комплекс, які ўвабірае ў сябе гарадзішча, чатыры селішчы, курганныя і бескурганныя могільнікі – адзін з найбольшых на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы. Гэта не мае словы – то давялі гісторыкі і археолагі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика