Браты Нарушавы старанна працуюць на залескай зямлі

У сяльгаспрадпрыемстве «Звязда» ганарацца сем’ямі Нарушавых. Працяглы час прадстаўнікі роду клапоцяцца аб дабрабыце і ўстойлівай эканоміцы гаспадаркі, урадлівасці хлебных палеткаў і густых пакосах сенажацяў, працвітанні вёсак, у якіх жывуць руплівыя аграрыі, жывёлаводы, педагогі, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, а таксама людзі, на рахунку якіх грунтоўны багаж жыцця і працоўных здабыткаў. Жыхары Залесся добра памятаюць Віктара Нарушава. Мужчына з багатай працоўнай біяграфіяй усе сілы і пяшчоту сэрца аддаў роднай зямлі. Яна ж спакушала хлебароба пахам свежай раллі, урадлівасцю глебы, даверліва аддавалася ў рукі вопытнага механізатара і дзячыла яму цяжкім пшанічным коласам. А наколькі прафесійна Віктар Канстанцінавіч валодаў такарнымі навыкамі! Падлячыць любую тэхніку было для яго справай некалькіх хвілін. Але больш за ўсё ён імкнуўся ў поле: на нарыхтоўку кармоў, падрыхтоўку плошчы пад пасевы і адвозку саломы, на жніво. Залацістая ніўка не адпускала свайго ўладара аж пакуль яму не споўнілася 69. Калі б не хвароба…
Бацькі не стала, і яму на змену прыйшлі сыны. Амаль 7 гадоў у гаспадарцы інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Аляксей. Скончыўшы Буда-Кашалёўскі каледж, тэхнік-механік спачатку сеў за руль трактара, а потым авалодаў тэхнікай працы на корманарыхтоўчым і зернеўборачным камбайнах. Вось і зараз яго «Ягуар» на зялёным жніве. Аляксей прызнаецца, што жыць і працаваць на вёсцы яму падабаецца. Каб замацавацца на малой радзіме, будуе ўласны дом для сям’і, дзе выхоўваюцца двое дзяцей. І мяняць жыццё вясковае на гарадское пакуль не плануе.
Яго брат Яўген пасля заканчэння гандлёва-эканамічнага каледжа вярнуўся на вотчыну, каб быць патрэбным людзям, гаспадарцы, краю. Сёння ён адзін з самых маладых загадчыкаў фермы, кіруе калектывам і сочыць за годным утрыманнем статка на малочнатаварным комплексе «Залессе». Але ўзрост не перашкода здароваму працоўнаму запалу, азарту і руплівасці. Калі ёсць жаданне і перспектыва, работа прыносіць радасць. А кіраўніцтва гаспадаркі ва ўсім падтрымлівае пачынаючага спецыяліста і ставіць у прыклад яго старанні. Калі дзеці крочаць бацькоўскай сцяжынкай і выбіраюць тую ж прафесію, што і продкі, гэта выклікае асаблівую павагу і захапленне. Тым больш, калі размова ідзе пра вёску.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Besucherzahler
счетчик посещений
Яндекс.Метрика