Як у Матнявічах зберагаюць крыніцы

Крыніцы – унікальная з’ява на нашай зямлі. Іх вада жывая, смачная, карысная, мае цалебныя якасці. Яна праходзіць праз фільтры самой прыроды. А яшчэ маленькія струменьчыкі падземных вод пітаюць вялікія вадаёмы – азёры і рэкі і з’яўляюцца важнай часткай воднай раўнавагі ў навакольным асяроддзі.
У кожным населеным пункце ёсць жывыя вытокі, толькі адны з цягам часу зараслі бур’яном, а другія і зараз служаць на карысць людзям. Старажылы расказваюць, што раней крыніцы меліся ў Матнявічах паўсюдна. Асабліва шмат іх было вакол возера. У вяскоўцаў, што жылі побач, ключы білі амаль на кожным падворку. На жаль, многія вытокі схаваліся пад зямлю, частка знаходзіцца ў непрывабным стане. І прадпрымаюцца меры, каб вярнуць іх да жыцця. У мінулым годзе забруіла па-новаму так званая Марыніна крыніца. Яе добраўпарадкаваннем займаліся Роўкавіцкі сельскі Савет, мясцовыя жыхары, валанцёры, краязнаўцы. У гэтым годзе, як паведаміла старшыня сельвыканкама Аксана Коўганава, плануецца добраўпарадкаваць яшчэ адзін жывы выток – у вёсцы Халочча. А настаўніца геаграфіі мясцовай школы Ганна Еўдакіменка з вучнямі старэйшых класаў правяла навукова-даследчую работу «Крыніцы ў гісторыі і сучаснасці аграгарадка Матнявічы». Выяўлена звыш 10 жывых вытокаў. Большасці з іх неабходна гаспадарская рука і догляд. У мінулым годзе пошукавая работа, над якой разам з настаўніцай працавалі Вераніка Ляднёва, Вікторыя і Лізавета Барысавы, у намінацыі «Сцяжынкамі роднай прыроды» прызнана лепшай на абласным этапе рэспубліканскай экалагічнай акцыі «Сцяжынкамі Бацькаўшчыны». Трэба сказаць, што Ганна Іванаўна ў 2018 годзе запусціла ў інтэрнэце школьны сайт «Зялёны партал Чачэрскага раёна», дзе размяшчае навуковыя матэрыялы, звесткі аб прыродных каштоўнасцях малой радзімы. Усё для таго, каб прыцягнуць увагу чалавека да экалагічных праблем. Гэта яшчэ і сродак выхавання ў дзяцей любові да свайго краю і захавання яго багацця.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика