БЫВАЮЦЬ ЖА ЛЮДЗІ ТАКІЯ

Напісаць матэрыял пра Івана Паўлавіча Арлова я вырашыла пасля таго, як даведалася, што ён займаў адказную пасаду сакратара камсамольскай арганізацыі ў былым калгасе “Сож”. Захацелася паразмаўляць аб тым часе, параўнаць моладзь старэйшага і сучаснага пакалення. Я і падумаць не магла, колькі цікавага раскажа мне мой субяседнік.
– Іван Паўлавіч, наколькі цяжка было атрымаць такую пасаду?
– Я думаю, што выбар спыніўся на мне з нагоды маей актыўнасці ў грамадстве. Жаданне перарасло ў разнастайную дзейнасць. Цяжэй было выконваць абавязкі загадчыка аддзела адукацыі. На Чачэршчыне было 44 школы, і кожная патрабавала пільнага дагляду.
– Гледзячы на паспяховага чалавека цікава даведацца, што фарміравала яго як асобу. Што прываблівала і цікавіла менавіта вас?
– Захапляла многае: мінералогія, электроніка, паляванне, турызм і інш. Бываў у многіх краінах Еўропы, дзе любіў знаеміцца з талентамі мастакоў на розных выставах. Я і сам пісаў карціны, на жаль амаль усе яны засталіся ў Маскоўскім народным інстытуце мастацтваў, дзе я вучыўся. Застаўся толькі партрэт жонкі, Ганны Аляксееўны. (Выдатны падарунак на 8 сакавіка, усе жанчыны могуць пазайздросціць-аўт.). Таксама я вучыўся ў ГДУ імя Ф.Скарыны. Адным з самых цікавых падарожжаў стала экспедыцыя ў Сібір. Канешне, умовы былі цяжкія, але больш, чым стомленасць і страх перад небяспекай, каштуюць яскравыя эмоцыі і незабыўныя ўспаміны. Аднойчы нават сустрэўся мядзведзь, фотаздымак з якім я паспеў зрабіць, хоць і было вельмі жахліва. На шчасце, усе абышлося, а маё захапленне фатаграфіяй дапамагло захаваць яшчэ не адзін цікавы момант жыцця. У далейшым я быў кіраўніком разнастайных турыстычных груп.
– Як вы думаеце, чым ваша пакаленне адрознівалася ад сучаснага ў так званым “зяленым” узросце?
– Я думаю, што ў нас быў такі энтузіязм, які зараз сустрэць цяжка. У большай ступені любілі спорт, самі рабілі форму для каманд, для нас не існавала пытання, змагацца за першынства ці не. Так жа, як зараз, захапляліся музыкай. Канешне, тэхніка яшчэ не дасягала такога ўзроўню як сёння. Мы любілі іграць на розных музычных інструментах, а калі ніхто не чуў, лавілі на радыёхвалях галасы заходніх выканаўцаў…
Што ж, кожнаму часу свая рамантыка і свае дасягненні. Адрозненні сведчаць аб тым, што нам ёсць да чаго імкнуцца: каб такіх неўтаймаваных людзей як Арлоў І.П. было значна болей, што б так жа хацелася сказаць: “Бываюць жа людзі…”
Алена ЧУЯНКОВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика