Ад старту да фінішу – на пазітыве і з бадзёрасцю

Раённая эстафета сабрала ў Мяшчанскім лесе аматараў зімовага віду спорту, 27 каманд арганізацый і прадпрыемстваў Чачэршчыны з аптымізмам выйшлі на лыжню.
Пакуль адны з прэтэндэнтаў на перамогу праходзілі рэгістрацыю, другія выпрабоўвалі спартыўны інвентар і разміналіся. Гучала музыка, вецер гойдаў рознакаляровыя сцягі, у гандлёвай палатцы жадаючым прапанавалі падсілкавацца і выпіць гарачага чаю. Але лыжнікам і без таго было жарка – хваляванне перад стартам і імкненне да поспеху кіпелі ўнутры кожнага. І вось яна, завязка дзеі: агульнае пастраенне і пажаданне ўдачы ад намесніка старшыні райвыканкама Юліі Басаргіной і арганізатараў. Гонкі праходзілі на адлегласці ў адзін кіламетр, таму эстафету каманды прайшлі хутка. Аднак асобным нават такі кароткі ўчастак здаўся цяжкім, і ўсё ж апладысменты на фінішы атрымалі самыя гарачыя.
У выніку на 1 і 2 ганаровыя прыступкі п’едэсталу падняліся каманды Нісімкавіцкай школы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адпаведна. А 3 месца падзялілі паміж сабой райаддзел унутраных спраў і Камуна-Ленінская школа. Для дырэктара нісімкавіцкай установы адукацыі Івана Перавознікава не прывыкаць трымаць у руках залаты кубак, у 2018-м ён таксама стаў лідарам раённага спаборніцтва сярод кіраўнікоў. А вось начальнік РАУС Уладзімір Бухаўцоў з калегамі атрымалі сваю ўзнагароду такім саставам упершыню.
Калі засталіся за спіной і хваляванні, і напружанне, і лыжная траса, і ўрачыстае ўзнагароджанне, удзельнікі за квартай кавы і гарбаты грэліся каля вогнішча, ласаваліся кандытарскімі вырабамі і выпечкай, шашлыком, рабілі сэлфі і абмяркоўвалі свае промахі і ўдачы ў спартыўнай эстафеце.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика