Батвінаўскай школе 120 гадоў

Гэты год для калектыву і вучняў Батвінаўскай школы юбілейны – першая ўстанова адукацыі ў Батвінава была адчынена ў 1900 годзе. Па ўспамінах жыхароў, школа знаходзілася ў доме Філімона Гусакова і належыла праваслаўна-царкоўнаму ведамству.

Таму акрамя чытання і правапісу, сельскай гаспадарцы і земляробства тут вывучалі малітвы, гісторыю рэлігіі, царкоўныя спевы. У выхадныя і святочныя дні школьнікі наведвалі меркулавіцкі храм. Бедныя сяляне не мелі магчымасці заплаціць за вучобу, не хапала адзення і абутку для дзяцей. Сярэдняя колькасць вучняў складала 25 чалавек, настаўнік быў адзін. Так было да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

З прыходам савецкай улады сітуацыя змянілася. У 1924 годзе ў Батвінава адкрылі пачатковую школу, пабудавалі яе з разбуранай хаты меркулавіцкага настаяцеля. Абсталявалі 2 класныя пакоі, памяшканне для вартаўніка і качагара. А ў чацвёртым пакоі размясціліся настаўнікі. Заняткі праходзілі ў 2 змены – увечары за ведамі прыходзілі дарослыя. Пэўны час тут дырэктарстваваў Аляксандр Якушаў.

Да 1930 года ўстанова адукацыі вырасла ў сямігадовую і стала называцца школай калгаснай моладзі. Затым у 1939-м тут адкрылі 5 класаў і прыбудавалі да будынка трохсцен.

У час Вялікай Айчыннай вайны урокі былі спынены. Немцы разабралі школу, бярвёны пайшлі на ўладкаванне бліндажоў. Настаўнікі адправіліся на фронт, многія так і не вярнуліся. Сярод іх малады і вясёлы выкладчык рускай мовы і літаратуры Уладзімір Шыловіч з Шылавіч. А вось Ніне Антушэвіч не прыйшлося ваяваць. Аднак яна чым магла дапамагала жыхарам вёскі. У акупацыю была перакладчыцай у немцаў, але не стала здраднікам. Употай насіла ежу сем’ям, якія хаваліся ў лесе, даставала для іх аўсвайсы, раіла і падтрымлівала.

Пасля вызвалення раёна заняткі аднавіліся. Узначаліла пачатковую вячэрнюю школу Антаніна Антушэвіч. Шмат вучняў не вярнуліся за парты, трэба было працаваць на калгасных палетках. Тых жа, хто змог працягнуць вучыцца, прытулілі ў сваіх хатах мясцовыя жыхары.

У 1951-м Батвінаўская школа стала сямігадовай, а праз 9 гадоў – васьмігадовай. Заняткі праходзілі ўжо ў школьным будынку, які яшчэ пэўны час будаваўся і перарабляўся. Дырэктарам прызначылі Аляксандра Лашкевіча. Напрыканцы 60-х гадоў сельская школа выпусціла ў свет 595 вучняў. Ведаў і розуму набіраліся больш за 200 вучняў.

У чэрвені 1995-га будынак быў знішчаны агнём ад удару маланкі і зноў адбудаваны.

Асобная тэма – педагагічны калектыў і выпускнікі, якія дасягнулі ў жыцці поспехаў і высокіх прафесійных вяршынь. Пра гэта можна напісаць трохтомнік. Важна, што ўвесь час тут працавалі і працуюць сумленныя шчырыя людзі. Сярод іх паважаны настаўнік і добры чалавек, сакратар камсамольскай пярвічкі, якая ўваходзіла ў склад калгаснай арганізацыі, Любоў Філіпенка. Доўгіх 26 гадоў вёў за сабой калектыў дырэктар Сяргей Сідарэйка, а ў 2006-м установу ўзначаліла Надзея Каранеўская.

У гэтым годзе батвінаўская педагагічная кагорта – гэта 14 чалавек. Папоўнілі штат маладыя спецыялісты Аляксандр Хрысцін і Марыя Якіменка. У новым навучальным сезоне тут чакаюць настаўніка біялогіі і хіміі. Школа адчыніць дзверы для 54 вучняў.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика