Добрае сэрца валанцёрскага руху

У 90-х гадах мінулага стагоддзя ў батвінаўскай школе зарадзіўся валанцёрскі рух. На той момант ён быў не так папулярны сярод моладзі, як цяпер. Тады ў атрад добраахвотнікаў уваходзіла ўсяго некалькі чалавек.

У пачатку 2000-х валанцёрскі рух набывае папулярнасць. Усё больш і больш вучняў папаўнялі яго рады. Зараз у школе дзейнічаюць 3 атрады: «Дабратворцы», «Праметэй» і «Добрае Сэрца», у якіх 37 вучняў. Задача валанцёраў – дапамагчы сталым людзям навесці парадак дома і на вуліцы, схадзіць у магазін за прадуктамі, прынесці вады і дроў, проста пагаварыць аб жыцці, павіншаваць са святам. Гаспадары ведаюць кожнага, сустракаюць з усмешкай і частуюць гарбатай. Словы падзякі часта чуюць валанцёры за падтрымку. Гэта вельмі важна – праяўляць клопат.

У сталых людзей жыццё было цяжкім. У сельскай гаспадарцы – пастаянная фізічная праца. Але яны праяўлялі сапраўдны энтузіязм у полі, на фермах і мехдварах, нягледзячы ні на якія цяжкасці. Зараз кагосьці спаткала адзінота, хтосьці пакутуе ад шматлікіх хвароб. Сталыя сяльчане заслужылі, каб ім надавалася вялікая ўвага. Ім ёсць аб чым расказаць маладому пакаленню, іх парады вельмі карысныя. Колькі цікавых і павучальных гучыць прыкладаў, добрых пажаданняў. А як свецяцца твары нашых сталых аднавяскоўцаў, калі адкрываюць яны свае сямейныя фотаальбомы і знаёмяць валанцёраў з тым, якімі яны былі маладыя. Ім вельмі трэба камусьці адкрыць душу, тады на сэрцы робіцца лягчэй.

Таксама валанцёрскія атрады рэгулярна наводзяць парадак на воінскіх захаваннях. Такая праца выхоўвае ў душах рабят патрыятызм і не дае згасаць памяці аб той страшнай вайне.
На мой погляд, валанцёрскі рух нашай школы будзе развівацца. Валанцёраў становіцца больш. Таксама мы пастаянна прыдумваем нешта новае. Напрыклад, з нядаўняга часу праводзім трэнінгі для вучняў малодшых класаў. Мы матывуем дзяцей на ўдзел у добраахвотніцкай дзейнасці. І прыемна бачыць, калі хлопчыкі і дзяўчынкі з малодшых класаў імкнуцца да добрых спраў.
Напрамкі валанцёрскага руху даволі разнастайныя. І галоўнае – яны ўсім на карысць.

Яўген ВЕРАШЧАГІН.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика