ПАСЛЯ КАГО Ж ХОЦЬ ТРАВА НЕ РАСЦІ?

З першага мая лічыцца адкрытым купальны сезон. Аднак толькі ў мінулыя выхадныя надвор’е дазволіла любіцелям водных забаў правесці вольны час на пляжы. Зараз, як адзначаюць спецыялісты, вада праграваецца ў сярэднім да 12 градусаў, для купання рэкамендавана не менш 17, пры гэтым тэмпература паветра павінна дасягаць 22-25 градусаў цяпла. Спецыялісты ж таварыства выратавання на водах на тэрыторыі возера Святое вядуць дзяжурства з пачатку сезона.
Памочнік урача-гігіеніста ўстановы “Чачэрскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Л.В. Айрапетава расказала, наколькі падрыхтаваная афіцыйная зона рэкрэацыі:
– Усе асноўныя работы на тэрыторыі згаданага воднага аб’екта выкананы. На прыбярэжнай тэрыторыі ўстаноўлены малыя архітэктурныя формы. Адасоблена тэрыторыя для купання дзяцей, разбіта валейбольная пляцоўка, маецца надворны туалет, смеццезборнік для цвёрдых бытавых адыходаў. Пустазелле скошана. У недалёкім будучым плануецца ўстанавіць два шлагбаумы, разбіць пляцоўку для стаянкі механічнага транспарту. Гэта работа ў кампетэнцыі раённага камунальнага жыллёвага прадпрыемства. У свой час былі ўзяты пробы вады на мікрабіялагічныя і санітарна-хімічныя аналізы, даследаванні паказалі, што вада ў возеры адпавядае ўстаноўленым гігіенічным нормам. А значыць, можна смела не толькі пад сонейкм на пляжы песціцца, але і атрымліваць асалоду ад купання. Тым больш што кантроль якасці вады будзе праводзіцца пастаянна. КЖУП “Чачэрскае” распрацоўвае адпаведную праграму, якая будзе ўзгоднена са спецыялістамі райЦГіЭ. Сюды вада будзе дастаўляцца на лабараторныя даследаванні адзін раз на тыдзень.
Спецыялісты зацікаўленых служб сваю работу выканалі. Застаецца прааналізаваць паводзіны тых, хто імкнецца ў зону рэкрэацыі для адпачынку. Напачатку тыдня вадалазы якраз чысцілі дно вадаёма. З шасці гадзін раніцы пачалі сваю працу. Цікавая карціна адкрылася тут: ныральшчык накіроўваецца ў возера, нібы ў магазін, – з сумкай. Гэта не выпадкова – на дне можна знайсці шэраг рэчаў, праўда, мала патрэбных: бутэлькі, цэгла, нават пэўная колькасць металалому. Што атрымліваецца? Некаму цяжка было дайсці да смеццезборніка ці проста цікава было назіраць за падаючымі ў ваду рэчамі. Адным словам, сярод чачаран і гасцей горада дастаткова несумленных грамадзян, фантазія якіх не мае межаў. Пацверджаннем таму становіцца і яшчэ адзін відавочны факт. Нядаўна пастаўленая камунальнікамі альтанка ў месцы адпачынку ўжо красавалася без некалькіх дошак, якія, мяркуючы па ўсім, спатрэбіліся для развядзення вогнішча. Спецыялісты ж з лепшымі намерамі на беразе возера абсталявалі прыстасаванне для прыгатавання юхі і шашлыкоў… А за паводзінамі адпачываючых не ўпільнуюць два дзяжурных выратавальнікі. Ды і не іх гэта абавязак.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика