МАРОЗ І ЛЫЖЫ, СНЕГ І СМЕХ

Традыцыйная “Чачэрская лыжня − 2013” ізноў сабрала аматараў здаровага ладу жыцця на зімовае спаборніцтва. Для кагосьці яно стала сапраўдным іспытам на сілу і вынослівасць, а для іншых – проста масавым відам фізкультурных заняткаў. У лыжных гонках прынялі ўдзел 43 каманды арганізацый і прадпрыемстваў Чачэршчыны агульнай колькасцю 173 чалавекі. Са стартавай пляцоўкі галоўны суддзя сем раз даваў адмашку лыжнікам, і самыя спрытныя прыйшлі да фінішу першымі. Пераможцы гонак вызначаліся сярод дзяўчат і юнакоў розных узростаў, кіраўнікоў і ветэранаў. Усяго знайшла сваіх уладальнікаў 21 узнагарода. Але асаблівымі апладысментамі сустракалі ветэранаў лыжнага спаборніцтва: Аляксандра Віктаравіча Трубачэнку, Аляксея Фёдаравіча Мельнікава і Уладзіміра Яўменавіча Канцавенку, якія занялі 1, 2 і 3 месцы адпаведна. Быў тут і самы маленькі прыхільнік зімовага віду спорту – шасцігадовы Яўген Кірэеў. Ён хоць і не выйшаў на лінію старту, але апрабаваў чачэрскую лыжню і спрытна скаціўся з горкі ўніз. Словам, месца для спартыўных подзвігаў, падстаў для смеху і жартаў хапала. Было б толькі жаданне, намер і добрае здароўе. А вось яго як раз і неабходна ўмацоўваць на такіх вось масавых фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах.
Як і заўсёды, весялілі ўдзельнікаў, надавалі акцэнт святу здароўя і падкрэслівалі яго характар тэатралізаваныя героі, народныя мелодыі пад акампанемент гармоніка і паквольныя цыганкі, якія варажылі па руцэ: каму на дзяцей, каму на каханне, а каму на ўдачу.
Але, на жаль, як адзначыў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Юрый Канцавенка, сярод удзельнікаў лыжні быў нізкі працэнт прэтэндэнтаў на перамогу з ліку кіраўнікоў. Для ўдзелу ў спаборніцтве прыбылі ўсяго толькі 11 чалавек, з якіх пяць – дырэктары школ. Як заўважыў Юрый Міхайлавіч, чамусьці на перыяд лыжных гонак многія кіраўнікі ідуць на бальнічны ліст або прадастаўляюць медыцынскую даведку аб вызваленні ад фізічных нагрузак на пэўны тэрмін часу. А трэба ж, каб найперш яны самі стаялі на чале спартыўнага задору і паказвалі прыклад здаровага ладу жыцця. Бо за імі – калектыў, людзі.
Тым не менш свята прайшло на добрым узроўні, без надзвычайных выпадкаў і з карысцю для арганізма чалавека.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика