На апаратнай нарадзе

Выплата заработнай платы работнікам аграпрамысловага комплексу і працоўным вытворчых прадпрыемстваў – тэма, з якой пачалася размова старшыні райвыканкама І.І.Кома ў мінулы панядзелак. Затрымак па яе выдачы, як стала вядома, у раёне не існуе. Своечасова стараюцца разлічвацца сяльгаспрадпрыемствы і за выкарыстанне электраэнергіі. Адносна спраў у раслінаводстве, то на Чачэршчыне актыўна пачалася нарыхтоўка кармоў. Да 20 чысла ў гаспадарках плануецца завяршыць закладку сіласных і сянажных траншэй, а таксама нарыхтоўку траў першага ўкосу і пачаць рамонт зернеўборачнай тэхнікі. Хутка сталёвыя караблі паплывуць па прасторах чачэрскіх палеткаў і для іх паспяховага “плавання” неабходна правесці поўны падрыхтоўчы цыкл.
З 12 чысла, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама П.В.Несцяровіч, пачнуцца абменныя канцэрты паміж творчымі калектывамі ўстаноў культуры. Артысты па традыцыі наведаюць і сцэнічныя пляцоўкі горада. Разам з тым, як трапна падмеціў глава раёна І.І.Ком, для прадастаўлення насельніцтву платных паслуг і для арганізацыі вольнага часу ў горадзе трэба аднавіць дзейнасць спартыўнага ціра па стральбе з пнеўматычнага ружжа. Калісьці гэта аматарскае захапленне карысталася вялікай папулярнасцю. Работа яго дапаможа чачаранам праводзіць вольныя хвіліны з карысцю і асалодай.
Магчыма ў гэтым годзе выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымаюць уласны аўтобус, набыццё якога так неабходна для дзяцей-інвалідаў. Працягваючы тэму мадэрнізацыі сацыяльна-культурнай сферы, Іван Іванавіч заўважыў, што ў час высокіх тэхналогій у кожнай бібліятэцы трэба мець камп”ютар для пашырэння паслуг наведвальнікам, гэта дасць магчымасць жадаючым карыстацца інтэрнетам. Таксама прадугледзець аказанне паслуг факса, множальнай тэхнікі і інш. На апаратнай нарадзе агаварваліся і іншыя праблемы і перспектывы развіцця горада і раёна, намечаны тэрміны па рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика