Гісторыі жыцця і творчасці чатырох паэтаў Чачэршчыны Васіля Карпечанкі, Васіля Клімянкова, Васіля Патапенкі і Васіля Дружкова

На засажэўскіх прасторах жылі і гартавалі талент чатыры паэты Васіль Карпечанка, Васіль Клімянкоў, Васіль Патапенка і Васіль Дружкоў.

«Я родам з Будзішча…»

Васіль Карпечанка з Будзішча абвясціў аб сваім нараджэнні ціхім плачам 7 студзеня 1925 года. Яго вёсачка была вясёлай і шумнай. Тут калісьці жылі больш за 1200 чалавек, працавалі магазін і школа. Набіраўся ведаў у няпоўнай сярэдняй і кучаравы Васілёк. Ён хацеў стаць лесаводам, бо дні, калі бегаў ў сасоннік па грыбы і ягады, наклалі адбітак на выбар прафесіі. Але скончыць Навабеліцкі лесатэхнічны тэхнікум не пашчасціла – пачалася вайна.

Васіль трапіў на фронт у студзені 1944 – г а , і ўжо праз два з паловай месяцы сяржант Карпечанка быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені. Яшчэ праз паўгады – медалём «За адвагу». За мужнасць і гераізм наш зямляк таксама адзначаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Зямля любімай Беларусі –
Дзяцінства светлага куток.
Табой адною ганаруся,
Табе адной пляту вянок.

У мірны час Васіль Карпечанка атрымаў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам на Магілёўшчыне. Быў пазаштатным карэспандэнтам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі па Магілёўскай вобласці. Яго вершы для дзяцей і дарослых друкаваліся ў газетах і часопісах, на асобныя пакладзена музыка, выдадзена некалькі зборнікаў. Член Саюза пісьменнікаў жыў у Мінску і памёр ў 2006 годзе. Яго прозвішчам назвалі вуліцу ў Магілёве.

Фарбы зямлі змяшаў у вершах

На 10 гадоў маладзейшы за свайго аднавяскоўца з Будзішча
Васіля Карпечанкі Васіль Клімянкоў. Маці ўзяла на рукі немаўля 31 снежня 1934 года. Хлопчык падрастаў і захапляўся плёсам ракі Каўпіта, прахалодай зялёнага бору, густымі вербалозамі. Пра тое, кім быць, не задумваўся – прыкладам у працы стаў бацька Максім Якаўлевіч, які выкладаў гісторыю ў Палескай школе.

Васіль скончыў Гомельскі педінстытут, настаўнічаў у Літвінавічах Кармянскага раёна, быў дырэктарам Вялікастралкоўскай і Шапчыцкай васьмігадовых школ на Рагачоўшчыне. І, вядома ж, рыфмаваў свае думкі і пачуцці.

Рэдка я чую знаёмае слова…
Дзе ж ты падзелася, родная мова?
Ніхто не забыты, нішто не забыта –
Сышла толькі ты з беларускай арбіты.

Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Бярозка». Яго творы ўбачылі свет у рэспубліканскіх, абласных і раённых газетах, у падручніках для вучняў 3-х і 4-х класаў.

У верасні 1955 года на нараду маладых літаратараў Беларусі адправілі і Васіля Клімянкова. Там ён бліжэй пазнаёміўся з усенародна любімым і вядомым песняром Беларусі Якубам Коласам, сядзеў за адным сталом з беларускімі літаратарамі Петрусём Броўкам, Уладзімірам Караткевічам. Гэта сустрэча пакінула ў Васіля Максімавіча самыя цёплыя ўспаміны і падмацавала талент. Васілю Клімянкову дужа падабалася родная мова.

Летуценні паэта

Для Васіля Патапенкі малой радзімай сталі Валосавічы. У сям’і выхоўваліся 4 сыны і столькі ж дачок.

У першы клас пайшоў у роднай вёсцы, а дыплом аб сярэдняй адукацыі атрымаў у Палескай школе. Вучыўся добра.

Васіль скончыў Гомельскі педінстытут імя Чкалава. Яго дэбют у прафесіі адбыўся каля дошкі Рудня-Барталамееўскай сельскай школы. Хутка настаўніка прызвалі ў армію. Адслужыў і вярнуўся на малую радзіму, выкладаў рускую і беларускую мову і літаратуру, гісторыю, геаграфію ў Нісімкавічах, Валосавічах, Сідаравічах. Пэўны час працаваў дырэктарам Палескай школы.

Рамантык і аптыміст Васіль Іванавіч пачаў пісаць яшчэ ваеннаслужачым, услаўляючы паэтычным радком родны край, Беларусь, мужнасць і адвагу савецкага салдата. Яго пяру належаць творы «За мір», «Развітанне», «Ленінцы» і іншыя. Нядрэнна атрымліваліся байкі і гумарэскі. Друкаваўся ў раённай, абласной газетах, беларускіх часопісах.

Бачыў шмат цудоўных я мясцін,
Ды такіх нідзе я не знаходжу,
Мілых сэрцу, родных мне карцін,
Як у нас над берагамі Сожа…

Васіль Патапенка ўсё жыццё пражыў на Бацькаўшчыне, з жонкай узгадавалі чацвёра дзяцей. Дарэчы, Майя Іванаўна таксама працавала ў школе. Хоць і не мела спецыяльнай адукацыі, вяла ўрокі спеваў, працы, прадметы пачатковых класаў. Муж ёй ва ўсім дапамагаў і падтрымліваў.

Педагог па прафесіі, рамантык па натуры, а ў душы селянін, ён не цураўся працы на зямлі. Калі выйшаў на пенсію, купіў маладую кабылу, каб араць і сеяць. Ды толькі не ведаў, што вараная прынясе яму смерць: вясной 1998 года настаўнік вышэйшай катэгорыі і таленавіты валосавіцкі паэт разбіўся на кані.

Пра жыццё і падзеі ў мініяцюры

У шматдзетнай сям’і Васіля Дружкова з Палесся выхоўвалася шасцёра дзяцей. У 1946 годзе бацька захварэў і памёр, маці адна ставіла дзяцей на ногі, вучыла. Малы Васілёк дапамагаў матулі ў полі, на агародзе, пасвіў кароў і, гледзячы ў сіняе неба, на аблокі, мроіў аб цікавым жыцці і светлай будучыні. Вясковы падлетак шмат чытаў, кніга была яго пастаянным спадарожнікам. Яна, можна сказаць, і вывела на працоўную сцяжынку.

Васіль Дружкоў стаў педагогам, некалькі гадоў аддаў настаўніцкай працы ў сваёй Палескай школе, пэўны час узначальваў калектыў вясковай школы ў Бязбожніку. Але яго крылам патрэбен быў большы размах. Паступіў у Гомельскі педінстытут.

Характару быў мяккага, але цвёрда верыў у камуністычныя ідэалы, таму падаў заяву і быў прыняты ў рады КПБ, закончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу.

Васіль Ільіч валодаў зайздросным пачуццём гумару, што адбілася на яго кароткіх чатырохрадкоўях, якія носяць сатырычную і жартоўную афарбоўку. Высмейваюцца чалавечыя недахопы ў паводзінах, густах, модзе, маюць яркі падтэкст мініяцюры пра гора-агранома і прыпіскі ў вытворчасці, пра хамаў, бюракратаў і плеткароў. Высмеяў аднойчы Дружкоў і сваіх аднавяскоўцаў – шаптуху «бабу Варэйку і яе суседку Бабу-Гром».

З яго мініяцюр ад душы смяяліся чытачы часопісаў «Крокодил», «Вожык», «Нёман» і іншых саюзных і рэспубліканскіх выданняў. Творы паэта друкаваліся ў калектыўных зборніках «Трусцой на Парнас», «О чем поет народ Отчизны», «Вдохновение». Зараз наш зямляк жыве ў Рагачове і на малую радзіму вяртаецца толькі ва ўспамінах або калі гаворыць па тэлефоне з сёстрамі Марыяй і Кацярынай.

Поделиться информацией:

5 thoughts on “Гісторыі жыцця і творчасці чатырох паэтаў Чачэршчыны Васіля Карпечанкі, Васіля Клімянкова, Васіля Патапенкі і Васіля Дружкова

  1. У Васіля Патапенкі было пяць братоў і тры сястры.

  2. * * *
    Глядзiцца неба кожны дзень
    ў душу бяздонную Палесся,
    там – дзе чарнобыльская цень,
    i смутак з памяццю ў сумессi…
    *
    29.03.2020

  3. * * *
    Глядзiцца неба кожны дзень
    ў душу бяздонную Палесся,
    там – дзе чарнобыльская цень,
    i смутак з памяццю ў сумессi…
    *
    29.03.2020
    Я таксама з Будзішча… У Чачэрску вучыўся ў 3 класе… даўно гэта было

  4. * * *
    Глядзiцца неба кожны дзень
    ў душу бяздонную Палесся,
    там – дзе чарнобыльская цень,
    i смутак з памяццю ў сумессi…
    *
    http://samlib.ru/m/kto/
    29.03.2020
    У Чачэрску вучыўся ў 3 класе… даўно гэта было… А Будища, лічы, ужо няма. Толькі крыніца засталася. І, некалькі жыхароў. А, крыніцу аднавілі нашчадкі ранейшых насельнікаў вёскі. Зрабіце, калі ласка, калі будзе магчымасць, аб гэтым матэрыял у газеце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика