У гэтым годзе Чачэрскаму гісторыка-этнаграфічнаму музею спаўняецца 30 год. Як ідзе падрыхтоўка да юбілею?

У гэтым годзе спаўняецца 30 гадоў гісторыка-этнаграфічнаму музею і 15, як ён расчыніў свае дзверы ў ратушы. Двайны юбілей супрацоўнікі музея, яго здатчыкі і наведвальнікі будуць адзначаць 18 мая.

З нагоды гэтай даты плануюць правесці экскурсіі, урокі гісторыі, інтэлектуальныя гульні і віктарыны са школьнікамі. Абавязкова разгорнуць работу тэматычныя выставы.

Першыя экспанаты, што расказваюць пра жыццё, працоўныя дасягненні і гераічнае мінулае Чачэршчыны і яе жыхароў, сабрала заснавальнік музея Яўгенія Шыпенка. Прасіла дапамогі ў насельніцтва, шукала цікавыя рэчы, самае каштоўнае нават выкупала. Так з года ў год папаўнялася скарбніца гістарычнай памяці краю.

Сёння ў яе фондах налічваецца 20 416 адзінак, якія выстаўлены ў экспазіцыйных залах «Археалогія», «Іканапіс», «Этнаграфія», «Чачэрскі край у складзе Расійскай імперыі», «Эканамічнае развіццё краю (другая палова XVIII – пачатак XX ст.)», «Рэха Чарнобыля» і мемарыяльнай зале Чарнышовых-Круглікавых. За шмат гадоў пабагацела ўстанова культуры значнымі прадметамі, якія ўвашлі ў калекцыі «Нумізматыка», «Этнаграфія», «Жывапіс», «Старадрукаваныя кнігі». Трапілі на выставачныя стылажы і такія рэдкія экспанаты, як змеявік і царкоўныя выданні XIII стагоддзя, срэбраная лыжка другой паловы XVIII ст., антыкварыят XIX ст.

Дзякуючы жыхарам запасы сховішча пастаянна папаўняюцца. А на тое, што ахвяравалі людзі ў мінулым годзе, можна паглядзець на выставе «Захоўваем, памнажаем», якая будзе працаваць да 9 лютага. Вернуць у мінулае старыя савецкія манеты, жаночая сумачка пачатку мінулага стагоддзя, камсамольскія значкі і партыйныя білеты.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика