СЛАЎНЫ ПРОЙДЗЕНЫ ШЛЯХ

Снежань з’яўляецца знакавым для Чачэршчыны. Менавіта ў гэтым месяцы ў 1926 годзе пачынаецца адлік існавання Чачэрскага раёна. Лёс дараваў нашаму краю багатую гісторыю.
Напачатку 1940 года ў раёне было 66 калгасаў, 35 магазінаў (шэсць дзяржаўных і 25 кааператыўных). Была ліквідавана непісьменнасць. Працавала 62 школы, заатэхнікум, дзейнічалі 30 клубных устаноў, 24 бібліятэкі, пяць бальніц, 19 ФАПаў. За часы акупацыі фашысты спалілі 12 вёсак з 130, часткова – 56, 1137 жыхароў былі знішчаны, 1379 чалавек нямецкія каты вывезлі на працу ў Германію. Ніякія зверствы не змаглі парушыць веру і волю народа. У раёне дзейнічалі падпольны райком КП(б)Б, райком ЛКСМБ. Камсамольцамі былі арганізаваны 42 падпольныя групы. Быў створаны партызанскі атрад. За гады акупацыі ў раёне была знішчана практычна ўся прамысловасць: мукамольны камбінат, плодавінзавод, цагельны, лесапільны, пяць смалакурных заводаў, чатыры паравыя і 26 ветраных млыноў. Вялікая страты панесла сельская гаспадарка. Акупанты знішчылі амаль усе школы, медыцынскія ўстановы, разрабавалі раённую бібліятэку і Дом культуры, цэрквы ў Чачэрску, у вёсках Будзішча, Шапатовічы. За гераізм і мужнасць было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза нашым землякам. Гэта Пётр Ільіч Лізюкоў, Аляксандр Ільіч Лізюкоў, Ціт Парфёнавіч Новікаў, Мікіта Конанавіч Круглікаў, Мікіта Сафронавіч Байкоў. Памяць аб загінуўшых у гады вайны свята захоўваецца ў раёне. Сведчаць аб гэтым 39 памятных абеліскаў і манументаў. Адзін з якіх велічна ўзвышаецца на Замкавай гары. Тут пахавана 300 салдат і партызан, аддаўшых жыццё за вызваленне Чачэршчыны.
Міналі гады мірнага жыцця, але вайна блукала па другіх краінах і нашы сыны-воіны, ураджэнцы Чачэршчыны, выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. У гэтай неаб’яўленай вайне загінулі нашы землякі: Аляксандр Канашкоў з вёскі Загор’е, Уладзімір Глыбоўскі з вескі Сідаравічы, Сяргей Гарбачоў з вёскі Палессе. 136 нашых землякоў прайшло праз жорны Аўганскай вайны. Большасць з іх жыве і працуе на тэрыторыі нашага раёна.
Чачэрская зямля. Колькі ўсяго яна перажыла на сваім вяку колькі чаго ўбачыла. Радаснага і тужлівага, добрага і балючага. І зноў нязгасны боль у нашых сэрцах – Чарнобыльская трагедыя, якая напаткала і наш раён. Пасля аварыі ў раёне былі адселены 32 населеныя пункты агульнай колькасцю каля 2,5 тысячы чалавек. Больш за пяць тысяч былі пераселены з горада Чачэрска ў чыстую зону. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, натхнёная праца і вялікае жаданне зрабіць сваю Радзіму квітнеючым краем дапамагаюць жыць.
Не толькі слаўнымі і гераічнымі справамі славіцца і ганарыцца чачэрская зямля. Чачэршчына – цудоўны куток беларускай зямлі, які даў свету дзеячоў навукі, культуры, літаратуры. Гэта заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, прафесар Леанід Адамавіч Сасноўскі; былы міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Інэса Міхайлаўна Драбышэўская; народная артыстка Беларусі, актрыса Гомельскага абласнога драмтэатра Людміла Канстанцінаўна Корхава; доктар эканамічных навук, прафесар Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў; доктар тэхнічных навук, прафесар Юрый Міхайлавіч Плескачэўскі; паэт, член Саюза журналістаў Беларусі Міхаіл Міхайлавіч Болсун; актрыса беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, кінаактрыса Жанна Пятроўна Друцкая. Можна яшчэ доўга працягваць пералічваць людзей, якія ўслаўлялі малую радзіму.
Наш чачэрскі край багаты на звычаі, абрады, якія захоўваюцца, адраджаюца і перадаюцца ў спадчыну нашчадкам. Пакуль гучаць песні продкаў, пакуль жыве мова, захоўваецца спадчына – будзе жыць і край.
Нягледзячы на цяжкасці і праблемы, Чачэршчына жыве, набірае пазітыўныя тэмпы развіцця. Развіваюцца прамысловасць, сельская гаспадарка. Але галоўным багаццем раёна былі і застаюцца людзі. Іх самаадданая праца, талент і мужнасць адраджалі нашу зямлю пасля цяжкіх выпрабаванняў. Аб’яднанне любові к сваёй малой радзіме ўсяляюць аптымізм і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика