КУЛЬТУРНУЮ СПАДЧЫНУ ЗБЕРАГАЮЦЬ НАШЫ СУЧАСНІКІ

Валянціна Лявончыкава з 2000-га года ажыццяўляе кіраўніцтва фальклорным калектывам “Меркулавіцкія вячоркі”. Гэта жанчына, якая з маленства жыла ў вёсцы, а скончыўшы школу, паступіла ў культпрасветвучылішча, што ў Магілёве. Працоўная дзейнасць Валянціны Яўгенаўны пачалася ў 1989 годзе ў сельскім клубе вёскі Бяляеўка, але хутка яна вярнулася на малую радзіму. З нагоды юбілею творчага калектыву немагчыма не задаць некалькі пытанняў мастацкаму кіраўніку.
– Валянціна Яўгенаўна, час ляціць вельмі хутка, і значная частка нашых чытачоў не ўяўляе сабе, якое месца ў жыцці вяскоўцаў займала такая з’ява, як вячоркі, 40 год таму. Растлумачце, калі ласка, сэнс гэтай амаль страчанай традыцыі.
– У той час не было клубаў і іншых забаўляльных устаноў, а людзям заўсёды хацелася пасля цяжкай сялянскай працы сабрацца разам, пагутарыць, паспяваць, даведацца аб вясковых навінах. Вось і збіраліся на вячоркі ў адной з хат. Жанчыны пад вясёлыя і сумныя мелодыі займаліся рукадзеллем, маладыя дзяўчыны таксама не адставалі – ладзілі сабе прыданае. Нездарма і на мерапрыемстве сцэна была ўпрыгожана пад тыповую сялянскую хату пачатку ХХ стагоддзя, зразумела, непаўторны эфект ствараюць нацыянальныя касцюмы. Мы імкнемся захаваць не толькі пэўную песню або нейкі іншы твор, а яшчэ гістарычную дакладнасць.
– Вам давялося папрацаваць з першым кіраўніком калектыву, Аленай Бозікавай?
– Так, Алена Фёдараўна вельмі таленавітая і апантаная справай захавання традыцый. Разам з аднадумцамі яна ездзіла ў вёскі, у якіх захаваліся цікавыя каларытныя народныя танцы, абрады і пераймала гэтыя непоўторныя культурныя адметнасці. Дзякуючы пошукам, да нашага часу захавалася, напрыклад, унікальная Меркулавіцкая кадрыль. Увогуле ў тым, што калектыў атрымаў званне народнага, ёсць вялікая яе заслуга. Добра памятаю таксама Івана Буракова. У яго мой муж Васіль Лявончыкаў вучыўся танцаваць “Барыню”, якую ўжо дзясяткі гадоў гледачы сустракаюць на “ўра”.
– Якія найбольш яскравыя мерапрыемствы Вам запомніліся за апошні час?
– Добразычлівая публіка і шчырыя апладысменты для артыстаў заўсёды былі і будуць галоўным скарбам. З такой аўдыторыяй мы сустракаліся на Дне беларускай пісьменнасці ў Рэчыцы, на канцэрце ў гарадскім пасёлку Новая Гута, юбілейным мерапрыемстве ў вёсцы Бабічы, прысвечаным 40-годдзю стварэння народнага ансамбля “Лёс”… Безумоўна, яны пакінулі прыемны след. Але за такім вынікам – напружаныя гадзіны працы. Да культурных падзей мы заўсёды рыхтуемся вельмі адказна – збіраемся на рэпетыцыі кожны дзень незалежна ад іншых спраў.
– Вядома, што калектыў ганарыцца дынастыяй музыкаў. Раскажыце пра сям’ю Казловых.
– Васіль Васільевіч Казлоў пераехаў у Меркулавічы з выселенай вёскі, а яго жонка Людміла Аляксееўна родам з далёкага Казахстана. Гэта якраз той выпадак, калі людзі інтуітыўна адчуваюць мастацкія асаблівасці твораў. Васіль Васільевіч – сапраўдны самародак – авалодаў майстэрствам гарманіста не ў навучальнай установе, а пераняў здольнасці ад бацькі. Зараз ён перадае вопыт сваёй дачцэ – васьмікласніцы Любашы, якая да таго ж займаецца ў школе мастацтваў.
– Што трэба рабіць, на Вашу думку, каб нашы нацыянальныя традыцыі захаваліся на стагоддзі?
– Больш працаваць з падлеткамі і моладдзю. Чалавек, які жыве ў асяроддзі культуры, зробіць усё, каб захаваць сваю спадчыну, не страціць уласцівы беларусам менталітэт, творчы запал, амаль магічную энэргетыку песень, танцаў, абрадаў. На самой справе сёння ў маладых людзей гэта зацікаўленасць ёсць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика