ЦУДОЎНЫЯ МЕЛОДЫІ І СОНЕЧНЫ НАСТРОЙ

Сярод 12 краін-удзельніц на пляцоўцы Палаца культуры ў Мазыры выступалі і юныя чачаране.
У чарговы раз пакінуў шмат станоўчых успамінаў VI Міжнародны фестываль юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі”, які на працягу шасці дзён праходзіў у Мазыры. Напярэдадні было прынята больш за 800 заявак на права выступаць у гэтым мерапрыемстве. Прыемна, што арганізацыйны камітэт не пакінуў без увагі юных чачаран. Маленькія зорачкі ўзорнай дзіцячай вакальнай эстраднай студыі “Дзеці сонца ” Чачэрскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці ў другі раз атрымалі запрашэнне на ўдзел у фінале фестываля. Арганізатары з лагоднай усмешкай у ходзе рэгістрацыі адзначылі цеплыню надвор’я, якую, магчыма, і прывезлі “сонечныя” дзеці з нашага раёна. Маленькія артысты выступалі ў намінацыі “Вакальныя групы (эстрадныя спевы) катэгорыя А” (малодшая група). Дуэт у складзе Лізаветы Булкінай і Анастасіі Касцюковай выконваў два музычныя творы ў розныя конкурсныя дні. А за ўдзел у свяце калектыў “Дзеці сонца” быў узнагароджаны Дыпломам за высокае выканаўчае майстэрства ў вобласці вакальнага мастацтва. Кіраўнік Таццяна Асадчая і яе выхаванкі захапляліся мясцовымі краявідамі, якімі яны мелі магчымасць любавацца ў час пешай прагулкі. На адным дыханні прайшло адкрыццё фестываля і гала-канцэрт з удзелам гасцей, лаўрэатаў і дыпламантаў. На вечары сяброўства ўдзельніцы з Чачэршчыны пазнаёміліся з артыстамі з Турцыі і Балгарыі. З апошнімі дзяўчынкі нават абмяняліся сувенірамі. А напрыканцы вырашылі яшчэ і падтрымліваць сувязь па інтэрнэту. Сапраўды, сяброўства не ведае мяжы.
Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика