Паштовыя работнікі дастаўляюць радасць у хаты чачаран

Так прыемна атрымаць свежы нумар газеты, добрыя весткі ад блізкіх, святочную паштоўку. Такую радасць у хаты чачаран штодзень дастаўляюць паштовыя работнікі. У гарадскім аддзяленні калектыў невялікі, але з’яднаны і дружны. Усё таму, што людзі працуюць тут доўгі час.

Напрыклад, у студзені адзначыла 20-годдзе сваёй прафесійнай дзейнасці брыгадзір Галіна Брыцікава, якая каардынуе і кантралюе работу структурнага падраздзялення. Зусім хутка споўніцца па 15 гадоў, як прыйшлі ў галіну Аксана Патапенка і Таццяна Звяркова.

Дарэчы, у Таццяны ўсяго два запісы ў працоўнай кнізе – прыём на работу на фабрыку мастацкіх вырабаў і другая – у тады яшчэ раённы аддзел паштовай сувязі. Аксана ж адзіная з паштальёнаў мае адукацыю па спецыяльнасці, бо нядаўна скончыла Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Ні многа ні мала, пяць зімаў і вёснаў па вуліцах горада носіць карэспандэнцыю Святлана Дубініна, асвойвае практыку мультыплікацыйнага героя Печкіна зусім яшчэ «маладая» яе калега Таццяна Гербаносенка. А вось інструктара па падпісцы Наталлю Дзегцерову можна па праву назваць аксакалам – каля газет і часопісаў, першая ў арганізацыі падпісной кампаніі яна ўжо 27 гадоў.

Кожную раніцу, адсартаваўшы паступіўшую прэсу, жанчыны адпраўляюцца ў дарогу. У тоўстыя шырокія сумкі яны кладуць не толькі свежыя перыядычныя выданні. Іх службовыя абавязкі прадугледжваюць дастаўку тавараў народнага спажывання, прыём пасылак, лістоў, камунальных і іншых плацяжоў і абавязкова – афармленне падпіскі. На далікатных жаночых плячах памяшчаецца апошняя інфармацыя і цікавыя весткі раёна, вобласці, краіны, усяго свету. Ім таксама вельмі важна падтрымліваць станоўчыя стасункі з насельніцтвам, таму ў запасе паштавікоў – добры настрой, яскравая ўсмешка, бязмежны аптымізм.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика