РОБЯЦЬ РУКІ ПРЫГАЖОСЦЬ

Уваходзячы на тэрыторыю Отарскай БШ, адразу звяртаеш увагу на прыгожа аформленыя клумбы, якія зіхацяць яркімі фарбамі кветак. Так дарэчы размясціліся каля іх малыя архітэктурныя формы ў вобразе розных жывёл. Дзіва, але за ўсім гэтым гаспадарская рука настаўніка працоўнага навучання А.В. Ільюшэнкі. Аляксандр Васільевіч той чалавек, працай якога па-сапраўднаму ганарацца калегі. І можна не хвалявацца, калі на тэрыторыі школы, нават і на прышкольным участку, робіцца справа пад яго кіраўніцтвам. Ужо 13 гадоў настаўнік аддаў абранай прафесіі. За гэты час ён шмат чаму навучыў дзяцей: працаваць па асабіста створаных чарцяжах, вырабляць нешта незвычайнае з фантазіяй і вялікім жаданнем. Пры гэтым, некаторыя з работ заўсёды дазваляе заносіць дамоў, каб парадавацца за дзіця маглі і бацькі. На занятках, якія праводзіць Аляксандр Васільевіч, заўсёды цікава. Прапаноўваючы кожны раз новыя метады і формы работы, ён жадае атрымаць аддачу ад сваіх навучэнцаў… Есць сярод іх і тыя, хто актыўна праявіў сябе ў рабоце па стварэнню тых самых малых архітэктурных форм. Усё гэта, нават, прайшло цэлую сістэму апрацоўвання. На працягу зімы ў майстэрні дзеці разам з настаўнікам “варажылі” над новымі вобразамі. А калі прыйшоў час, яскравыя вырабы з дрэва надоўга занялі свае месцы на вуліцы. Актыўных у гэтым плане настаўнік абавязкова адзначыў – гэта Аляксандр Фомчанка, Іван Буракоў, Аляксандр Атрашкоў і іншыя. Некаторыя вучні працавітага майстра займаюць прызавыя месцы ў розных конкурсах. Сярод іх Андрэй Дубянок (на здымку), які стаў трэцім па выніках раённай прадметнай алімпіяды. Таксама Отарская БШ неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, дзякуючы стараннасці настаўніка працоўнага навучання. А сам Аляксандр Васільевіч з’яўляецца лепшым выкладчыкам гэтага прадмета ў раёне.
Да слова, вокны майстэрні Отарскай школы не пустуюць. На іх то і справа з’яўляюцца новыя вазоны з расадай розных раслін ці гародніны. І не перастае здзіўляць дарослых і навучэнцаў Аляксандр Васільевіч тым, што вырастае затым на дагледжаных клумбах і градках. А гасцям заўсёды прыемна спыніцца і каля вырабаў, што зроблены дзіцячымі рукамі і ўпрыгожваюць памяшканні школы .
Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика