На Міжрэгіянальным фестывалі ў Расіі выступілі чачэрскія музыканты

У дванаццаты раз у паселку гарадскога тыпу Кантыміраўка Варонежскай вобласці адбыўся Міжрэгіянальны фестываль творчасці славянскіх народаў «У сям’і адзінай».

Мэта фестывалю – захаванне і развіццё нацыянальных традыцый і культур славянскіх народаў. Чацвёрты сезон тут гасцявалі калектывы Луганскага Нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта і прадстаўнікі малдаўскай абшчыны Варонежскай вобласці. На гэты раз сяброўская сям’я папоўнілася дэлегацыямі з Беларусі. Атрымалі запрашэнне і чачаране.

Культурнае багацце раёна прадстаўлялі салістка Ірына Курдзюмава і народны аматарскі калектыў, фальклорная група «Чачэрская лютня». Чачэрская Людміла Зыкіна, як называюць землякі Ірыну, сарвала ва аўдыторыі бурныя апладысменты, здзівіла шырокім дыяпазонам і зачаравала абаяльнасцю. Кветкі і пацалункі ўдзячныя прыхільнікі неслі ёй да мікрафона і нават за кулісы за песні «Мой край» і «Мая вёска». А за ўдзел – Дыплом лаўрэата фестывалю.

Не сціхалі авацыі падчас выступлення «Чачэрскай лютні». Беларускія матывы, рок, джаз і блюзаранжыроўкі, папулярныя найгрышы прыйшліся ўсім да душы. Кіраўнік фалькгрупы Алег Брыцікаў, акампаніятар Ксенія Кручык і ўдзельнікі Вячаслаў Андрэенка, Аляксей Кулеш, Паліна Вострыкава і Анатоль Гурыноў паланілі публіку прафесіяналізмам, за што ўзнагароджаны Дыпломам лаўрэата за высокае выканаўчае майстэрства і захаванне традыцый.

Дарэчы, Анатоль Гурыноў быў адзначаны Падзячным лістом за аўтарскую фанаграму да музычнай кампазіцыі «Тры сястры», якая аб’ядноўвае ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Кантыміраўшчыны.

Сапраўднае свята падаравалі жыхарам Кантыміраўкі арганізатары фестывалю. Засталіся задаволены паездкай і чачаране, якіх яшчэ доўга будуць з падзякай успамінаць на шчодрай варонежскай зямлі. Адміністрацыя Кантыміраўскага гарадскога пасялення адрасавала Падзяку старшыні райвыканкама Юрыю Дзеркачову за наладжванне добрасуседскіх славянскіх зносін, выказаўшы надзею на далейшае супрацоўніцтва і цесныя культурныя сувязі.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика