Ноч купальская…

Сення ноччу адзначаецца адно з самых яскравых і паэтычнах святаў народнага календара – Купалле, У гэту ноч, як верыў народ, выходзяць наверх закапаныя ў зямлі скарбы; дрэвы пераходзяць з месца на месца і вядуць гутарку між сабой. Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набываюць асаблівую гаючую, чароўную сілу. З кветак дзяўчаты вілі вяночкі. Пад вечар, святочна апрануўшыся, яны ішлі па вёсцы і клікалі людзей на Купалле. Месцам правядзення свята магла быць гара, лука ракі, бераг возера. На гэтае месца зносілі ўсякую старызну для вогнішча, якая сімвалізавала ўсё аджытае, хворае, непатрэбнае і павінна была згарэць у ачышчальным агні. На месцы вогнішча ўкопвалі жардзіну, якую абвівалі хмелем, на верх яе мацавалі старое кола, упрыгожанае зёлкамі. Вакол жардзіны складалі старызну, дровы, падпальвалі ўсё гэта “жывым” агнём, здабытым шляхам трэння кавалкаў дрэва або з дапамогай крэсіва. Полымя купальскага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, праганяла смерць, да яго падносілі дзяцей, якія занядужалі. Вакол вогнішча вадзілі карагоды. Назіралі: у чый бок падала жардзіна з колам, той павінен стаць шчаслівым. Моладзь скакала праз вогнішча. Калі хлопец меў пару, то пераскокваў агонь разам са сваёй дзяўчынай. Калі ў час скакання праз агонь у закаханай пары рукі не разыйдуцца, то гэта добрая прыкмета, і вяселле іх у гэтым жа годзе павінна адбыцца. Тут жа гатавалі абрадавую вячэру, частаваліся. Гэтае свята, як ніякое іншае, напоўнена было таямнічасцю. Дзяўчаты варажылі на вянках, якія пускалі па вадзе, апоўначы рвалі на скрыжаванні трыпутнік, каб даведацца, хто будзе сужаны.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика